На адзін з такіх сталічных участкаў мы прыйшлі а 9-й раніцы. У пакоі — тры перапісчыкі. На стале ляжыць некалькі папяровых анкет і асадак, але гэта на крайні выпадак — адказы адразу ўводзяцца на планшэце. Запісвае іх сам перапісчык: як патлумачылі на ўчастку, перапісчык нясе адказнасць за планшэт, таму не перадае яго ў чужыя рукі.

Анкету выбіраю беларускамоўную. Спачатку ідуць пытанні пра месца нараджэння і жыхарства, плошчу кватэры, сямейнае становішча. Для жанчын 18-49 гадоў ёсць дадатковы пункт пра тое, ці плануюць яны нараджаць дзяцей і калі так, то колькі.

Цікавяцца таксама, у чыёй уласнасці жыллё — ніякіх прозвішчаў называць не трэба, толькі пазначыць дзяржаўная гэта ці прыватная маёмасць.

Некалькі пытанняў тычацца адукацыі (з новаўвядзенняў — цікавяцца, ці атрымлівалі вы дадатковую адукацыю), працы (напрыклад, калі месца работы няма і вы яго не шукаеце, то спытаюць чаму) і асноўных крыніц сродкаў да існавання (самазанятасць, пенсія, пазыкі, на ўтрыманні іншай асобы). Пра рэлігію пытанняў няма.

Акрамя грамадзянства, у анкеце просяць пазначыць нацыянальнасць (этнічную прыналежнасць), да якой сябе адносіш, але гэты пункт па жаданні. Таксама трэба запісаць родную мову і тую, на якой звычайна размаўляеш дома. «Беларуская» стаіць першым варыянтам.

Анкету запаўняю за 10 хвілін. Праўда, з першага раза яна не адправілася — планшэт даў збой. З другога разу ўсё прайшло нармальна.

Адзін нюанс. Маё прозвішча і імя хоць і запісалі па-беларуску, але ў рускамоўнай раскладцы — без «і» і «ў». У прэс-службе Белстата пасля патлумачылі, што гэта памылковая выпадковасць: беларускамоўная раскладка на планшэце таксама ўсталявана.

Калі ў вас ёсць сельскагаспадарчы ўчастак, на перапіс спатрэбіцца крыху больш часу, каб адказаць на дадатковыя пытанні пра плошчу надзелу і колькасць яблынь, кустоў агрэсту, кароў і страусаў.

Я, дарэчы, была не адзінай, хто прыйшоў на перапіс ранкам першага дня. Літаральна праз пару хвілін, як адкрыўся ўчастак, запоўніць анкету зайшоў сталы мужчына, што жыве побач.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?