Чытач «Нашай Нівы» паведаміў пра сітуацыю ў садку №3 Смалявічаў — маўляў, не здолеў дазваніцца да сваячкі, а потым аказалася, што ім забаронена карыстацца тэлефонамі.
Як патлумачыла «Нашай Ніве» загадчыца садка Ларыса Ціток, згодна з патрабаваннем Мінадукацыі, карыстацца мабільнымі тэлефонамі падчас выхаваўчага працэсу забаронена.
«Выхаваўчы працэс — гэта, натуральна, заняткі з дзецьмі. Ніхто не адбірае мабільнікі, яны пры выхавацелях. Проста лічыцца непажаданым размаўляць, сядзець у дадатках. Ці ёсць вялікі ад гэтага сэнс? Я не ведаю, гэта давялі з міністэрства. Напэўна, перыядычна бывае такое, што нейкі малады выхавацель уткнецца ў тэлефон у час, калі мусіць займацца дзецьмі. Але гэта не тое каб вельмі строга, вы ж разумееце, што калі нешта здарылася ў чалавека, то ён і патэлефануе, і адкажа», — сказала Ларыса Ціток.





