Кіраўніка Атыраускага абласнога перынатальнага цэнтра падазраюць у забойстве нованароджанага немаўляці: пра гэта 4 кастрычніка распавёў намеснік кіраўніка Агенцтва па супрацьдзеянні карупцыі Казахстана Шынгыс Кабдула.
Супраць дактароў завялі крымінальную справу па 99-м артыкуле КК Казахстана — забойства.
Па версіі следства, немаўля было па халатнасці аформлена як мёртванароджанае, хоць фактычна яно было яшчэ жывое. Пасля таго, як дзіця пачало падаваць прыкметы жыцця, лекары вырашылі не пераафармляць дакументы: яны ўжо знаходзіліся ў базе і «не маглі быць адкарэктаваныя», распавёў Шынгыс Кабдула.
Пасля гэтага дырэктар Атыраускага перынатальнага цэнтра загадаў змясціць дзіця ў халадзільную камеру, дзе яно неўзабаве памерла, — мяркуюць следчыя.
Цяпер абвінавачванымі па справе праходзяць два чалавекі: кіраўнік радзільні і акушэр-гінеколаг, які непасрэдна прымаў роды, абодвум пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Пра смерць дзіцяці стала вядома выпадкова, калі ішло іншае расследаванне супраць дырэктара радзільні.