Некалькі соцень людзей сабраліся сёння ў Курапатах на Ноч расстраляных паэтаў.

Яна праводзіцца трэці год запар у памяць пра ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі саветы расстралялі больш за 100 дзеячоў беларускай інтэлігенцыі.

Гару падсвяцілі чырвонымі пражэктарамі. На крыжах па ўсім урочышчы запалілі свечкі. На гары быў разгорнуты нацыянальны сцяг. Вёў вечар прадпрымальнік-цясляр Зміцер Дашкевіч.

Прысутныя зачыталі спіс расстраляных у гэтую ноч. Выступілі дзясяткі святароў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячоў. Першым пранікнёна выступіў Уладзімір Арлоў. У ліку першых выступіў таксама пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.

Прысутныя праспявалі духоўны гімн «Божа, я малюся за Беларусь».

Нагадаем, што ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД «амерыканкі» расстралялі больш за 100 прадастаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку 22 літаратары.

Мяркуецца, што чытанні будуць доўжыцца 3 гадзіны.

Агулам у 1930—1950-я гады ў Беларусі было рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек. Каля 200 тысяч з іх загінулі. Як мяркуецца, каля 30 тысяч расстраляных пахавана ў Курапатах.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?