Ёсць у беларускай мове дзеясловы гаварыць і казаць, яны даволі істотна адрозніваюцца, але пры неарганічным засваенні мовы блытаюцца ўвесь час. І не проста блытаюцца, а адно спрабуе замяніць другое. Калі раней, у савецкія часы, лішні раз маглі ўжыць гаварыць заміж казаць, то ў наш час — усё наадварот, казаць (у купе з размаўляць) амаль выжыла адно з базавых слоў нашай мовы — гаварыць. Чым гэта пагражае, пастараюся растлумачыць.

Дзеясловы «гаварыць» і «казаць» істотна адрозніваюцца, але пры неарганічным засваенні мовы блытаюцца.

У чым адрозненне гаварыць і казаць? Гэтага, на жаль, ніхто дагэтуль дакладна не акрэсліў. Некалі я спрабаваў гэта рабіць і прапанаваў такое тлумачэнне:

«…гаварыць можна «як», казаць, «што», а гутарыць «з кім»…»

«гаварыць» можа і чалавек і папугай, а «казаць» — толькі чалавек».

Аднак тут шмат засталося няяснага, дый гэта толькі адзін бок справы, хоць і найважнейшы.

Нашмат раней за мяне — крыху з іншага боку — розніцу паміж гаварыць і казаць спрабаваў растлумачыць Вацлаў Ластоўскі:

«Казаць, выражае паняцце высказу не ўзаемнага, а ад першай, другой, ці трэцяй асобы. Я казаў ім, каб яны пагаварылі аб гэтым. Яны (ён, яна) прышлі і сказалі мне. Не буду казаць вам аб тым, што людзі мне пераказвалі».

«Гаварыць могуць паміж сабой двое, ці многа людзей, прычым разумеецца, што мова іх мае спакойны характар. Мы пагаварылі і разышліся. Яны седзячы за сталом гаварылі аб усім (але нельга — казалі аб усім)».

Прыклады, прапанаваныя Ластоўскім багацейшыя за ягонае тлумачэнне. Але ні ён, ні аўтар гэтага допісу не далі вычарпальнага адказу, нешта няўлоўнае знікае ў абодвух выпадках. А раз так, паспрабуем зрабіць сінтэз і даць больш разгорнутае тлумачэнне.

Адразу зазначым, з гэтых двух слоў больш універсальнае — гаварыць, а больш спецыфічнае — казаць, калі мы ўжывём першае заміж другога, як гэта рабілі савецкія пісьменнікі, то нічога страшнага, а калі наадварот, то будзе вельмі грубая памылка, такога самага рангу, як і апынуцца (кім) заміж адзіна слушнага апынуцца (дзе). Тлумачэнне пачнём з больш спецыфічнага.

Казаць ужываецца пры перадачы інфармацыі, зместу маўлення, таму да яго і ставіцца пытанне што? Пры гэтым інфармацыя ўяўляецца як нешта адзінкавае, цэльнае і канкрэтнае. Прыкладам: Ён праўду кажа. Кажа, што так гаварылі.

Гаварыць ужываецца для абазначэння патокі слоў, іх агучвання, формы маўлення, таму да яго і ставіцца пытанне як? Прыкладам: Складна гаворыць. Гаворыць, як па-пісанаму.

Для казаць самых слоў як бы і няма, ёсць праўда (ці мана).

Для гаварыць як бы няма значэнняў, сэнсу, ёсць толькі гукі.

Аднак гэтым не вычэрпваецца функцыя дзеяслова гаварыць.

Ён ужываецца і ў дачыненні да зместу, тады, калі перадача інфармацыі ўяўляецца без канкрэтызацыі зместу, абстрактна, як шэраг актаў маўлення ці як разнастайная інфармацыя, выказаная ў розны час ці ад розных людзей. Тое, што падае Ластоўскі: гаварылі аб усім — не нешта канкрэтнае, а шэраг канкрэтнасцяў, адным словам, — гутарылі, размаўлялі.

Але гаварыць можна і маналагічна, прыкладам: Мы вам будзем гаварыць цэлую праўду, толькі слухайце нас (Каліноўскі). Калі мы заменім у гэтым сказе гаварыць на казаць, то памылкі не здарыцца, але змест памяняецца радыкальна. Гаварыць — гэта праграма дзеянняў не на адзін раз, праграма «Мужыцкай праўды», праграма інфармацыйнай палітыкі, а не адной канкрэтнай прамовы. Словы казаць праўду Каліноўскі мог бы ўжыць перад выступам, перад канкрэтнай прамовай тут і цяпер, але не на ўсе часы, не на доўгі тэрмін.

Вось яшчэ падобныя прыклады: Васіль не слухаець, што Дзёмка гаворыць («Адвячорак»). Што б ні рабіў, што б ні гаварыў Сымон Пятровіч, але кожны раз лавіў сябе на тым, што думае пра яе (Грахоўскі).

Для спраўджання карэктнасці ўжывання можна рабіць наступныя замены:

гаварыць (1) = прамаўляць; балбатаць;

гаварыць (2) = гутарыць, размаўляць;

казаць ≈ сцвярджаць; паведамляць.

На жаль, для казаць цяжэй падабраць сінонімы, чым для гаварыць, яно ўнікальнае ў сваёй функцыі, таму яго і нельга блытаць з іншымі дзеясловамі гаварэння.

А цяпер паспрабуем зрабіць «работу над памылкамі», разабраць некалькі прыкладаў, як НЕ ТРЭБА гаварыць. Прыклады ўзятыя з сеціва, для яснасці канструкцыі крыху спрошчаныя.

Калі я казаў беларускай мовай, мяне не разумелі.

Яны па-расейску з беларускім акцэнтам кажуць.

Гэта людзі, якія кажуць на рускай мове.

Яму не давалі казаць з трыбуны.

Што тут не так? Па-першае, пры дзеяслове казаць недапушчальныя акалічнасці: беларускай мовай (як), па-расейску з беларускім акцэнтам (як), на рускай мове (як), з трыбуны (дзе, адкуль). А ў апошнім выпадку словы з трыбуны ўспрымаюцца яшчэ і двухсэнсава, нібыта «не з трыбуны» можна было «казаць». Па-другое, тут бракуе дапаўнення ці даданага сказу (што казаць?). Але, калі ў гэтыя сказы заміж казаць падставім гаварыць, то ўсё стане на свае месцы:

Калі я гаварыў беларускай мовай, мяне не разумелі.

Яны па-расейску з беларускім акцэнтам гавораць.

Гэта людзі, якія гавораць на рускай мове.

Яму не давалі гаварыць з трыбуны.

Можна пакінуць і казаць, але сказы запатрабуюць такога перабудоўвання, што гэта будуць ужо іншыя сказы, прыкладам:

Калі я казаў, што думаю, мяне не разумелі.

А ці ёсць некарэктныя выпадкі ўжывання дзеяслова гаворыць? Раней, у савецкія часы, іх сустракалася даволі шмат, цяпер, калі гаварыць амаль перасталі ўжываць, прыкладаў такіх вобмаль, вось адзін з іх:

Вось вы гаворыце, што яна нам чужая.

А лепш было б сказаць так:

Вось вы кажаце, што яна нам чужая.

Але гэта менш прынцыповае патрабаванне. Мала таго, калі мы сюды дадамо характарыстыку дзеяння, то больш карэктным будзе якраз гаварыць:

Вось вы захоплена гаворыце, што яна нам чужая.

Падсумуем вынікі «работы над памылкамі». Выходзіць, дзеяслоў казаць не дапускае пры сабе акалічнасцяў спосабу дзеяння (ці не лепш было б сказаць — азначэнняў спосабу дзеяння?), а дзеяслоў гаварыць — скразнога (прамога) дапаўнення, праўда, толькі ў некаторых выпадках, калі ідзецца пра канкрэктны акт гаварэння. Патрабаванні да дзеяслова казаць даволі жорсткія, да дзеяслова гаварыць — больш мяккія. Але я не думаю, што і ў тым і ў другім разе няма выняткаў. Пытанне гэтае складанае і я нават не спадзяюся, што мне ўдалося абняць усе аспекты праблемы. Вяртацца да гэтай тэмы давядзецца яшчэ не раз. І мне, і іншым.

Чаму ж беларусы страцілі адчуванне розніцы? А таму што такой розніцы няма ў рускай мове. Вобразна кажучы, у беларускамоўных у галаве дзве семемы, два семантычныя цэнтры (гл. рыс. 1), якія адказваюць за камунікацыю: фармальны і зместавы, у рускамоўных — адна семема, адзін цэнтр (гл. рыс. 2): фармальна-зместавы. Чалавек, які крыху падвучыў беларускую мову, але думае па-руску здавольваецца адным базавым дзеясловам гаварэння (пра сінонімы пакуль што гаворка не вядзецца).

Рысунак 1. Беларускамоўны.

Рысунак 1. Беларускамоўны.

Рысунак 2. Рускамоўны.

Рысунак 2. Рускамоўны.

Тут можна вылучыць дзве стадыі русіфікацыі. На першай, неаналітычнай стадыі, проста, пераймаецца рускі спосаб: гаварыць (недакончанае трыванне) — сказаць (дакончанае трыванне). На другой стадыі — наіўна-аналітычнай — беларус пачынае аналізаваць і раптам бачыць розніцу. Ён чапляецца абедзвюма рукамі за дзеяслоў казаць (бо гэта «не па-руску»), а далей ідзе працэс «насычэння». Маўленне насычаецца, дзе трэба, а дзе не трэба, лексемамі, якіх «няма ў рускай мове». Неўзабаве хвароба ахапляе ўсіх, нават тых, хто добра ведае мову з маленства. Так было з апынуцца (кім), я назіраў, як умекі пераймалі ад няўмекаў паводле прынцыпу: «Еж, дурань, бо то ж з макам». Тое самае адбываецца і тут: «»Кажы», а не «гавары», бо то ж не па-руску».

Такая прыхаваная русіфікацыя нашмат страшнейшая, бо змагацца з ёй амаль немажліва, вонкава ўсё выглядае нават як «палепшанне». Насамрэч гэта згаршэнне, для якога цяжка знайсці словы.

Насамрэч, татальная мена гаварыць на казаць мяняе толькі абалонку, а семантычная структура мовы застаецца рускай (гл. рыс. 3). Нават умацоўваецца. Так утвараецца «адна мова з двума тэрмінамі». Такая прыхаваная русіфікацыя нашмат страшнейшая, бо змагацца з ёй амаль немажліва, вонкава ўсё выглядае нават як «палепшанне». Насамрэч гэта згаршэнне, для якога цяжка знайсці словы. Гэта правал, скандал, што хочаце, толькі не беларуская мова. Скажу больш, семантыка дзеясловаў казаць і гаварыць мае праславянскія вытокі, таму парушаюцца не толькі законы беларускай мовы, але і агульнаславянскія семантычныя коды, бо казаць заўжды перадавала тыя ці іншыя аспекты зместу, а не формы.

Рысунак 3. Беларускамоўны, які думае па-руску.

Рысунак 3. Беларускамоўны, які думае па-руску.

У рускай мове гэтыя дзеясловы сістэмна злучыліся ў выглядзе суплетыўнай пары: недакончанае трыванне говорить, дакончанае — сказать. У нас іншая сітуацыя, абодва яны маюць (ці могуць мець) дакончанае трыванне. Мабыць, не ўсе ведаюць, што ў нас можна не толькі гаварыць пацеры, але і згаварыць пацеры, г.зн. ‘скончыць прамаўленне малітвы’. І не толькі з пацерамі звязана форма згаварыць: Брат брата цяпер за няпраўду згубе, // Перад судом стане, няпраўду згавора («Праўда»). У рускай мове говорить і сказать узаемадапаўняюцца граматычна. У беларускай мове гаварыць (згаварыць) і казаць (сказаць) — узаемадапаўняюцца семантычна. (Такое адрозненне нагадвае розніцу паміж дыгласіяй і білінгвізмам.)

А самае парадаксальнае і трагічнае тое, што спрыяе гэтай блытаніне … дыскурс пра мову. Апошнім часам у Фэйсбуку з’явіліся аж дзве суполкі, дзе актыўна абмяркоўваюцца пытанні мовы. Людзі часта ўспамінаюць, як гаварылі ў іх у вёсцы і суправаджаюць гэта фразаю: Так у нас казалі… Ды нельга так! У народзе і праўда часта сустракаецца выраз У нас так кажуць, але ён заўсёды датычыць нечага змястоўнага. «Баба з возу — каню лягчэй». «Чалавек мяркуе, а Бог выракуе». «Чорт лапці здзярэ, пакуль пару збярэ». Да ўсіх гэтых выразаў пасуе У нас так кажуць. Не толькі да выслоўяў, але і да прыметаў, забабонаў, павер’яў, да ўсяго, што датычыць зместу. Але ў вёсцы амаль ніколі не абмяркоўваюць формы маўлення, хіба толькі тады, калі абсмейваюць гаворку суседзяў. І вось у гэтым выпадку пасуе толькі такі выраз: У нас так гавораць. Адметныя арыгінальныя спосабы гаварэння, як, напрыклад, ідзець, слухаіць, гавора, укусе, смяяўсо, будам і г.д. мусяць суправаджацца фразаю У нас так гавораць. А дзеяслоў казаць сюды ніяк не пасуе. Выходзіць, што вывучаючы мову, мы знішчаем мову? Выходзіць, так. Крыўдна!

Дык што ж? «Брацця! Ці зможам грамадскае гора?!» Ці ёсць шанцы паправіць сітуацыю? Ці можна не звальваць у адну кучу кошт і цану, хутка і скора, цяпер і зараз, заказаць і замовіць, гаварыць і казаць? Думаю, што можна. Яшчэ на мяжы 80-х — 90-х неяк усе раптам ухапіліся і не дазволілі, каб зараз паглынула цяпер. Можа, не зусім карэктна правялі размежаванне, але слову цяпер ужо нічога не пагражае. А апошнім часам добра такі высмеялі апынуцца (кім). Дык берымося і ўратуем ад знікнення дзеяслоў гаварыць! Калі ён паглынецца дзеясловам казаць, то адбудзецца такое скажэнне, пасля якога ўсе астатнія скажэнні ўжо не будуць мець вагі.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?