pxhere.com
Страты даходнай часткі бюджэту Беларусі ў 2020 годзе ад спынення «перамытнёўкі» расійскай нафты складуць 951 млн рублёў (каля 423,6 млн даляраў). Пра гэта заявіў першы намеснік міністра фінансаў краіны Юрый Селіверстаў, піша Tut.by
«Страты ў параўнанні з 2019 годам даходаў ад паступлення сродкаў ад так званай перамытнёўкі складуць 951 млн рублёў», — сказаў ён панядзелак у парламенце.
У тлумачальнай запісцы да праекту бюджэту-2020 гаворыцца пра страты «ад спынення тэрміну дзеяння дамоўленасцей з Расійскай Федэрацыяй у нафтагазавай сферы» на 950,9 млн руб.
Расія ў 2017 годзе з мэтай кампенсацыі высокіх (на думку беларускага боку) цэн на газ прадаставіла Беларусі магчымасць залічаць у свой бюджэт мытную пошліну ад 6 млн тон нафты (так званая перамытнёўка). Гэта «пагадненне аб супрацоўніцтве ў нафтагазавай сферы» дзейнічае па 2019 год уключна. Але на працягу гэтага года беларускія чыноўнікі казалі, што вядуць перамовы на прадмет падаўжэння дамовы.
Юрый Селіверстаў, адказваючы на пытанне журналістаў, ці значыць гэта, што Мінск і Масква па пытанні «перамытнёўкі» нафты на 2020 год не дамовіліся, сказаў: «На дадзены момант пакуль так».
Як заявіў Селіверстаў, бюджэт таксама панясе страты «ва ўмовах нарастання дзеяння падатковага манеўру ў нафтавай сферы ў Расійскай Федэрацыі». Страты рэспубліканскага бюджэту ад вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты складуць 537,2 млн рублёў (каля 239,3 млн даляраў), адзначаецца ў дакументах да праекту бюджэту.





