Фота: mlyn.by
Рэалізацыяй праекта займалася кампанія «Белкалій-Мігао», у якой доля «Беларуськалія» складае 70%, Migao Corporation — 30%. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва завода выступала прыватная кампанія «Машхімпрам», якая ўваходзіць у холдынг «Пасат».
«Першы ў Рэспубліцы Беларусь завод па вытворчасці нітрату калію узведзены ў рэкордна кароткія тэрміны — за год, замест запланаваных 3,5 гадоў. Будаўніцтва ажыццяўлялася ў рамках стратэгіі развіцця «Беларуськалій» і накіравана на дыверсіфікацыю вытворчасці на аснове базавага прадукту — хларыду калію, пашырэнне рынкаў збыту, стварэнне новых канкурэнтных пераваг», — паведамляе прэс-служба салігорскай кампаніі.
Фота: mlyn.by
Нітрат калію ў асноўным ужываецца ў якасці мінеральнага ўгнаення ў сельскай гаспадарцы і з'яўляецца прэміяльным прадуктам, бо ў ім змяшчаюцца адразу два асноўныя пажыўныя элементы для раслін, азот і калій, і практычна адсутнічае хлор.
Калі тона калійных угнаенняў каштуе 260-290 даляраў, у залежнасці ад рынку, то тона нітрату калію — каля 800 даляраў.
Гадавая магутнасць першай чаргі новага завода складзе 80 тысяч тон нітрату калію і 62 тысячы тон грануляваных азотна-калійных угнаенняў. Плануецца, што прадукцыя будзе прадавацца ў краіны Еўрасаюза, Турцыю і Расію, а таксама Кітай, што прадугледжана падпісаным з Migao Corporation асобным пагадненнем.
Фота: mlyn.by
Комплекс абышоўся ў 102,9 млн еўра. Банк БелВЭБ вылучыў крэдыт у памеры 57 млн еўра.
Тэрмін акупнасці новага завода — каля чатырох гадоў.
Гэты праект — пачатак сумеснай працы Migao Corporation і «Беларуськалія». Наперадзе — другая чарга па вытворчасці новай прадукцыі, у прыватнасці, сульфату калію.
Фота: mlyn.by





