На днях Пуцін праводзіў урачысты прыём у гонар Дня народнага адзінства і ўзнагародзіў 17 чалавек дзяржаўнымі ўзнагародамі за плённую працу на ніве літаратуры і мастацтва, узаемаабагачэння культур, нацый і народнасцяў. Адным з узнагароджаных медалём Пушкіна стаў уладальнік і беларускага пашпарта Мікалай Сяргееў.

Мікалай Сяргееў — гэта адзін з самых яркіх і заўзятых праваднікоў канцэпцыі Рускага свету ў Беларусі, — піша пра яго аналітык Андрэй Елісееў. — Гэта ён рабіў зварот у Слонімскі райвыканкам у ходзе нядаўняй рэзананснай гісторыі напярэдадні Дня беларускага пісьменства, сцвярджаючы, што руская мова мела дзяржаўны статус у ВКЛ. Вось некаторыя з яго апошніх публічных выказванняў і цытат з артыкулаў:

«Пальшчызна/беларушчына стала шмат у чым вызначальнай лініяй дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і адукацыі і з'яўляецца істотнай пагрозай як для далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, так і для ўласна Рэспублікі Беларусь. Гаворка ідзе пра небяспеку паўзучай трансфармацыі саюзнай Расіі дзяржавы (то-бок уласна беларускай) у русафобскую і антырасійскую».

«Расія — гэта не толькі тэрыторыя Расійскай Федэрацыі, якая цяпер існуе. Гістарычная Расія — гэта значыць фактычна тэрыторыя былога СССР… Аднавіць цывілізацыйную прысутнасць і ўплыў Расіі, а значыць і Рускага свету, у былых саюзных рэспубліках — гэта вядома ж задача нумар адзін, а беларуска-расійскі саюз — гэта флагман гэтага».

«Паўстанцы супраць бандэраўскага нацызму рускія людзі Крыма і Данбаса пусцілі пад адхон планы заакіянскіх стратэгаў па ператварэнні Крымскага паўвострава ў непатапляльны авіяносец і ракетную базу НАТА, а Украіну — у русафобскі таран і ваенны плацдарм супраць Расіі… Літаральна ашалеўшы і страціўшы апошнія кроплі адказнасці перад суграмадзянамі, дэпутаты Рады патрабавалі скінуць атамную бомбу на галовы непакорлівых».

Несумненна, Мікалай Сяргееў зрабіў вялікі ўнёсак у асвету і вывучэнне культурнай спадчыны, надзвычай паспрыяў збліжэнню і ўзаемаўзбагачэнню культур беларускага, украінскага і рускага народаў (менавіта за гэтага выдаецца медаль Пушкіна), чым і заслужыў дзяржаўную ўзнагароду з рук самога Пуціна.

Паведамляецца, што гасцей урачыстага прыёму частавалі пельменямі з буракамі з душамі з перапёлкі, шарбетам з антонаўскіх яблыкаў, марскім акунём з гароднінай, варонежскай ялавічынай з печанай бульбай і марозівам з белага шакаладу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?