Гісторыя жудаснага забойства ў Санкт-Пецярбургу працягвае бударажыць грамадства. Па падазрэнні ў забойстве быў затрыманы 63-гадовы дацэнт Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта (СПбДУ) Алег Сакалоў. У рацэ Мойка вылавілі заплечнік гісторыка з адрэзанымі рукамі яго вучаніцы.

Пры ператрусе ў кватэры Сакалова знайшлі жаночае цела, адрэзаную галаву і скрываўленую пілу. Расійскія СМІ паведамляюць, што забітая 24-гадовая выпускніца СПбДУ жыла з ім.

Алег Сакалоў нярэдка бываў у Беларусі, яго добра ведаюць рэканструктары падзей 1812 года. На пытанні «Нашай Нівы» адказаў намеснік старшыні Рады РГА «Вайскова-гістарычнае адзінства», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай вайскова-гістарычнай асацыяцыі, арганізатар фестываляў «Мір» і «Бярэзіна» Аляксей Гурскі.

Аляксей Гурскі ў цэнтры. Фота з vk.com.

Аляксей Гурскі ў цэнтры. Фота з vk.com.

Аляксей Гурскі: Перш, чым пачнём, я б хацеў выказаць спачуванне сям’і загінулай Насці. Вялікая трагедыя. Вельмі шкада чалавека, і не толькі чалавека, але будучага таленавітага навукоўца.

«Наша Ніва»: Аляксей, як даўно вы знаёмыя з Алегам Сакаловым?

АГ: Я прымаў удзел у фестывалі «Бярэзіна» ў 2007 годзе, Сакалоў яго арганізоўваў.

«НН»: Якія ўражанні пакідаў на вас Сакалоў пры асабістых кантактах?

АГ: Чалавек, апантаны эпохай ампіру. Яркі харызматык. Паліглот. Вельмі моцны гісторык. Амбітны. Празмерна амбітны. Гарачны.

«НН»: Ці шмат у яго сяброў і знаёмых у Беларусі?

АГ: Сакалова ведалі ўсе, хто займаецца рэканструкцыяй. Гэта вядучы спецыяліст у свеце па гісторыі напалеонаўскіх войнаў. Тут няма чаму здзіўляцца.

«НН»: Якое стаўленне ў гісторыка было да Беларусі і беларускай гісторыі? Ці не было ў яго шавінізму ў дачыненні да беларусаў? 

АГ: Наадварот. Ён вельмі цёпла адгукаўся пра Беларусь. Расказваў, што і сам мае беларускія карані. Увогуле ён вельмі дакладна вылучаў беларускіх рэканструктараў як прадстаўнікоў суверэннай дзяржавы, стараўся быць з намі падкрэслена ветлівым і не канфліктаваць. Адчуваў сябе не старэйшым братам, а ў гасцях.

«НН»: Што вы думаеце пра Сакалова як пра гісторыка? Наколькі гэта добры спецыяліст у тэматыцы 1812 года?

АГ: Унікальны спецыяліст, адзін з найлепшых у свеце. Гэта агульнапрызнанае меркаванне.

«НН»: Цяпер кажуць, што падчас рэканструкцый Сакалоў выконваў ролю Напалеона. А ў чым заключаецца роля Напалеона падчас такіх мерапрыемстваў?

АГ: Ні разу не бачыў Сакалова ў мундзіры Напалеона. У мундзіры генерала — так. Але тут ён не ўнікальны. У рэканструкцыі больш за дзясятак чалавек рэканструююць генералаў і маршалаў Першай Імперыі, у тым ліку і я.

Алег Сакалоў.

Алег Сакалоў.

Іншая справа, што ён лічыў сябе адзіным чалавекам, які мае права на брэнд заснавальніка вайскова-рэканструктарскага руху ў СССР і паводзіў сябе адпаведна, як вялікі начальнік. Гісторыі пра тое, што ён лічыў сябе Напалеонам, моцна перабольшаныя прэсай.

Я не псіхіятр. Хутчэй, ён лічыў сябе буйной фігурай, але не атаясамліваў сябе з кімсьці.

«НН»: Ці вялікі ў Беларусі рух рэканструктараў падзей 1812 года?

АГ: Дастаткова. Гэта цяжкая і дарагая для рэканструкцыі тэма, але апошнім часам яна набірае папулярнасць. Я б сказаў, што на тэрыторыі СНД Беларусь цяпер самы актыўны рэгіён у плане напалеаністыкі. Два буйныя фестывалі — «Мір» і «Бярэзіна», і шмат менш важных падзеяў.

«НН»: Ці былі вы знаёмыя з забітай дзяўчынай? Ці ўдзельнічала яна ў рэканструкцыях?

АГ: Так, быў. Шапачна. Яна актыўна ўдзельнічала. Я некалькі разоў бачыў іх разам. Сціплая. Ніколі ў кампаніі не кічылася сваім статусам жонкі Сакалова. За сталом не паводзіла сябе як першая лэдзі, не патрабавала да сябе асаблівай увагі.

«НН»: Што вы думаеце наконт усёй гэтай сітуацыі, якая цяпер так абмяркоўваецца?

АГ: Я думаю, што СМІ з бытавога забойства спрабуюць раздзьмуць сенсацыю. Я ўжо казаў у адным інтэрв’ю: уявіце, калі ў такім жа забойстве падазравалі чэмпіёна СНД па рыбалцы — ці быў бы такі рэзананс? А чым рэканструкцыя адрозніваецца ад іншых хобі? Ды нічым. Хтосьці маркі збірае, хтосьці крыжыкам вышывае, мы мундзіры робім і тактыку армій таго часу вывучаем.

Нядаўна адзін з нас выратаваў дзіця. Хто пра гэта напісаў? Амаль ніхто.

Мы гадамі займаемся папулярызацыяй айчыннай гісторыі, узнаўляем гістарычную памяць, уносім уклад у навуку, праводзім фестывалі, дзе паказваем беларусам, хто былі іх продкі, за што змагаліся і паміралі. Дзе хаця б адзін артыкул у месяц пра гэта?

Ваша выданне хоць раз зрабіла рэпартаж пра фестываль «Бярэзіна»? Французскія СМІ прыязджаюць асвятляць мерапрыемства, бо для іх бітва была трагічнай, з вялізнымі ахвярамі з боку мірнага насельніцтва. А ведаеце, колькі беларусаў змагалася з абодвух бакоў?

А пра тое, што ў кампаніі 1812 года былі выпадкі, калі адзін брат-беларус ваяваў ў Рускай Імператарскай арміі, а іншы — у Напалеона? І мы гэта спрабуем паказаць і расказаць.

Затое цяпер вядома, што Сакалоў лічыў сябе Напалеонам і забіў няшчасную дзяўчынку. Вось і ўся аб’ектыўнасць прэсы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?