І сур’ёзныя Die Presse і Der Standart, і бульварная Krone Zeitung аднадушныя: «прыём у Вене азначае прарыў» для Лукашэнкі.

Яны таксама адзначаюць, што Лукашэнка ў часе візіту быў вымушаны адказваць на крытыку свайго стылю кіравання: «Наша сістэма кіравання іншая. Калі вы спытаеце мяне, якая лепшая, мы з вамі разыдземся ў думках. Перш чым даваць ацэнку, вам лепш паехаць у Беларусь. Мы адкрытая краіна. Грамадзяне з прыблізна 80 краін маюць бязвізавы ўезд у гэтую аўтарытарную Беларусь», — цытуе Аляксандра Лукашэнку Kronen Zietung.

Што тычыцца правоў чалавека, Лукашэнка спытаў: «Што з імі не так?» Па яго словах, у Беларусі існуе «права на жыццё» і «права на працу», таксама гарантуецца, што кожны грамадзянін можа працаваць — нават за мяжой. Ён таксама згадаў аб «праве на адукацыю», якое ў Беларусі бясплатная. «У Аўстрыі таксама?» — цытуе яго пытанне Kronen Zietung.

Трэба адзначыць, што ў Аўстрыі дзяржаўныя школы і дзіцячыя сады бясплатныя. Праўда, вышэйшая адукацыя платная.

«У нас таксама ёсць бясплатная сістэма аховы здароўя. Проста назавіце мне хоць адну краіну ў Еўрасаюзе, якая можа ганарыцца такімі дасягненнямі «, — цытуе Лукашэнку Die Presse. Але і гэтым ён наўрад ці ўразіў аўстрыйцаў, таму што ў Аўстрыі медыцына таксама бясплатная, аналагічна Беларусі, толькі што ў Беларусі з усіх заробкаў плаціцца ФСАН, а ў Аўстрыі — медыцынскае страхаванне. Працэнт унёску залежыць ад сумы заробку.

Аўстрыйская прэса звяртае таксама ўвагу на існаванне ў Беларусі смяротнага пакарання.

«У пытанні смяротнага пакарання Лукашэнка спаслаўся на рэферэндум 1996 года. [Яго аўстрыйскі калега] Ван дэр Бэлен заявіў, што разумее аргумент рэферэндуму. Але ён прапанаваў мараторый, каб смяротнае пакаранне прынамсі не прымянялася. Федэральны прэзідэнт таксама заявіў, што смяротныя прыгаворы будуць выконвацца толькі «вельмі рэдка і за рэальныя сур’ёзныя злачынствы», але даў зразумець, што гэта нельга разумець як падтрымку смяротнага пакарання. Ван дэр Бэлен быў бы шчаслівы, калі б Беларусь стала членам Савета Еўропы. На што Лукашэнка сказаў: «Калі вы прымаеце нас, мы будзем удзячны вам. Калі не, мы пачакаем», — піша Kronen Zietung.

 «Федэральны прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Бэлен высока ацаніў свайго госця, прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку за пасрэдніцтва ва ўкраінскім канфлікце. На сумеснай прэс-канферэнцыі ў Хофбургу ў аўторак абодва падкрэслілі добрае эканамічнае супрацоўніцтва і з гонарам адзначылі, што Аўстрыя з'яўляецца другім па велічыні прамым замежным інвестарам у Беларусі», — піша Die Presse.

Die Presse таксама піша, што «Вена бярэ на сябе — у каардынацыі з Брусэлем, як гэта афіцыйна называюць, — ролю суразмоўцы аўтакрата. Вена любіць ставіць сябе як дыпламатычны цэнтр, як нейтральны гулец, а ў выпадку з Беларуссю дадаюцца яшчэ і эканамічныя інтарэсы. На прэс-канферэнцыі Ван дэр Бэлен таксама згадаў аўстрыйскую металургічную галіну, «Райффайзен» або «А 1», якія працуюць у Беларусі».

Мінск атрымлівае дывідэнды ад канфлікту ва Украіне і крызісу паміж Масквой і Захадам. Паколькі больш не існуе прамога паветранага шляху паміж Кіевам і Масквой, Мінск стаў найбліжэйшым перасадачным аэрапортам для падарожнікаў з Расіі ва Украіну, — адзначае Die Presse. Мінскія перамовы бакоў канфлікту, якія праводзяцца раз у два тыдні ў гасцініцы пад старшынствам АБСЕ, таксама аднавіліся ў сталіцы.

Аднак, піша Die Presse, у доўгатэрміновай перспектыве ў Беларусі назапашваюцца эканамічныя і палітычныя праблемы. Ускосныя субсідыі з Масквы ў выглядзе паставак нафты і газу па зніжанай цане, паступова змяншаюцца. Пратэсты Лукашэнкі Крэмль ігнаруе, у Расіі наўме іншае. Масква прасоўвае ідэю глыбейшай інтэграцыі, то бок паўнавартай рэалізацыі дамовы аб Саюзнай дзяржаве, падпісанай пры канцы 1990-х. Для Лукашэнкі гэта як чырвоная тканіна для быка. Пытанне ў тым, як доўга ён можа адстойваць суверэнітэт ва ўмовах усё большага эканамічнага адставання. На гэты год чакаецца толькі 1,5 працэнта эканамічнага росту.

У Бруселі ніхто не спадзяецца, што Лукашэнка стане сапраўдным партнёрам для Захаду, піша Die Presse. У сітуацыі выбару раней Лукашэнка заўсёды аддаваў перавагу Маскве, якая прапануе яму значна больш палітычна і фінансава, чым правы чалавека і дэмакратычныя рэформы, якіх патрабуе Захад. Так што чаканні еўрапейцаў невысокія. Падыход Брусэля прагматычны: на гэтым этапе лепш мець добрыя адносіны з Мінскам, чым кепскія. Лукашэнка — той жа Пуцін, але прынамсі без геапалітычных амбіцый. І, нарэшце, збліжэнне ілюструе, што існуе (больш-менш шчыры) выхад з палітыкі санкцый. І, як вядома, у наш час гэтага хоча шмат людзей».

Der Standart называе Лукашэнку «няпростым госцем з Мінска», які «шукае шляхі з ізаляцыі». Газета адзначае, што кіраўнік Акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў падчас візіту перадаў дырэктару Аўстрыйскага гістарычнага музея Моніцы Сомер 17 знаходак з канцлагера Малы Трасцянец. Там, на паўднёвы усход ад Мінска, гітлераўцы падчас Другой сусветнай вайны забілі 10 тысяч аўстрыйскіх габрэяў. Сярод знаходак — рэчы дэпартаваных, у тым ліку зроблены ў Аўстрыі грэбень, грошы і скрынка для таблетак з венскай аптэкі. У сакавіку канцлер Курц разам з Лукашэнкам адкрыў у Трасцянцы помнік аўстрыйцам, якія там спачываюць. А Ван дэр Бэлен пабываў там у 2018 годзе на закладцы падмурка манумента.

А Krone Zeitung узгадвае пра Мікалая Лукашэнку і яго венскі графік: «Прэзідэнта Беларусі суправаджала не жонка, а сын Мікалай. 15-гадовы хлопец знаходзіцца ў шматлікіх замежных паездках за мяжу і таксама выступае як ягоны магчымы пераемнік. Ён прысутнічаў у панядзелак на ўрачыстай цырымоніі ля помніка чырвонаармейцам на Шварцэнбергпляц. Для падлетка была арганізаваная турыстычная праграма, якая нагадвае дзяржаўную праграму для першых дам. Сярод іншага, яго завезлі ў сабор Святога Стэфана і Музей гісторыі мастацтва».

«Праваабаронцы мелі ўсе падставы ўказваць на злоўжыванні ў сваёй краіне перад візітам прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Вену: Беларусь — апошняя еўрапейская дзяржава, якая ўсё яшчэ ўжывае смяротнае пакаранне, а актывісты грамадзянскіх правоў скардзяцца на масавыя абмежаванні свабоды слова, сходаў і сродкаў масавай інфармацыі, — адзначае Геральд Шуберт, рэдактар аддзела па замежных справах аўстрыйскай газеты Der Standard. — «Заплюшчыць вочы» [на гэта], напрыклад, у інтарэсах добрых бізнэс-адносін, — непрымальная стратэгія. Аднак, — піша Шуберт, — важна сачыць за геапалітычнымі адносінамі з халоднай галавой. Лукашэнка, напрыклад, зацікаўлены ў паляпшэнні адносін з ЕС — у тым ліку для таго, каб вызваліць сябе ад празмернай хваткі Расіі. Гэта далікатны дыпламатычны акт балансавання, без прамых размоў гэтага не атрымаецца», — адзначае Шуберт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?