У пачатку 2019 года расійскі футбаліст Віталій Дзьякаў перайшоў у мінскае «Дынама». Аднак ужо ў сярэдзіне сезона клуб вырашыў развітацца з ім.
У інтэрв'ю расійскаму «Спорт-экспрэсу» футбаліст расказаў пра свае ўражанні ад Беларусі.
— Утульна вам было ў Мінску?
— У параўнанні з Масквой — кантраст гіганцкі. Нібыта рускія і беларусы — браты навек, гаворым на адной мове, але розніца ў менталітэце велічэзная. Зусім іншы народ.
— Алімпійскі чэмпіён па сучасным пяціборстве Аляксандр Лясун, які вырас у Мінску, а цяпер атабарыўся ў Маскве, запэўніваў мяне, што беларусы бліжэй да Еўропы, чым расейцы.
— Так? Не адчуў. Беларусы — закрытыя, раззлаваныя. Ці толькі мне такія трапляліся? Напрыклад, едзеш на машыне з расійскімі нумарамі, спрабуеш перастроіцца — не прапусцяць. Наадварот, адразу паднаціснуць.
— Беларусы хоць расплаціліся?
— Так, там не падманваюць. Затрымкі здараюцца, але рана ці позна з табой разлічацца. Беларусь і кідалава — рэчы несумяшчальныя. Лукашэнка такі парадак у краіне навёў, што ўсё чыста і празрыста. Ніякіх прэміяльных у канвертах, левай бухгалтэрыі.