Аляксандр Вучыч

Аляксандр Вучыч

Улады Сербіі пачалі расследаванне магчымай вярбоўкі супрацоўнікам расійскіх спецслужбаў высокапастаўленага чыноўніка. Прэзідэнт краіны Аляксандр Вучыч даручыў Агенцтву ваеннай бяспекі праверыць адпаведны відэазапіс, які быў апублікавана ў youtube некалькі дзён таму, на якім меркаваны расійскі разведчык перадае грошы сербскаму агенту.

Спецслужбы краіны ўжо пацвердзілі сапраўднасць запісу, перадае Радыё і тэлебачанне Сербіі. Па дадзеных журналіста Хрыста Грозева, які супрацоўнічае з расследавальнай групай Bellingcat, на відэа — намеснік ваеннага аташэ ў Бялградзе, супрацоўнік расійскай ваеннай разведкі Георгій Клебан перадае грошы свайму агенту ў Бялградзе. Гэты чалавек, як мяркуецца, з'яўляецца афіцэрам сербскай разведкі. Ягоны твар на відэа размыты.

Сёння прэзідэнт Сербіі, як чакаецца, абмяркуе сітуацыю з кіраўніцтвам разведкі, контрразведкі, а таксама Генштаба ўзброеных сілаў краіны. Пасля гэтага будуць апублікаваныя больш падрабязныя звесткі, заявіў міністр абароны Аляксандр Вулін. Ён назваў сітуацыю сур’ёзнай і адзначыў, што бачыць за гэтым спробу перашкодзіць таму, каб Сербія заставалася нейтральнай у ваенных адносінах краінай.

Паміж Масквой і Бялградам склаліся трывалыя палітычныя і эканамічныя сувязі. Крэмль таксама падтрымлівае Сербію ў адмове прызнаць незалежнасць Косава, а на ўзбраенні сербскай арміі знаходзіцца расійская тэхніка. У пасольстве Расіі ў Бялградзе інфармацыю пра магчымую вярбоўку высокапастаўленага сербскага чыноўніка пакуль не каментавалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0