Пагоня за парушальнікам-матацыклістам у цэнтры начнога Мінска скончылася раней, чым звычайна.
Як паведамляе тэлеграм-канал МУС, у ноч на 2 лістапада інспектары ДАІ Цэнтральнага РУУС заўважылі ў раёне вуліцы Няміга матацыкл Suzuki без знакаў.
Міліцыянты ўключылі маячкі і праз гукаўзмацняльнік папрасілі кіроўцу спыніцца. Той пачаў уцякаць.
Звычайна такая пагоня доўжыцца бясконца доўга, аж пакуль у парушальніка не скончыцца паліва.
Але мяркуючы па відэа, у гэтай сітуацыі міліцыя вырашыла не цацкацца з уцекачом. Яго дагналі, а пасля ўсё ж акуратна штурханулі матацыкл на бардзюр.
Кіроўца паваліўся і пабег. Прычым нават паспеў нават забегчы дахаты — там яго і затрымалі.
У дачыненні да матацыкліста склалі пратаколы за парушэнне правілаў разметкі і знакаў, выезд на паласу сустрэчнага руху, невыкананне патрабаванняў аб спыненні і за кіраванне без правоў.
Агулам яго аштрафавалі на 1500 рублёў.