Пра сітуацыю «Нашай Ніве» расказаў старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза Максім Пазнякоў.

«Усе падземныя працы з’яўляюцца шкоднымі, таму патрабуюць атэстацыі. Па яе выніках выдаецца клас небяспекі і вызначаюцца дадатковыя гарантыі і выплаты. Але нямецкая кампанія атэстацыю не праходзіла», — паведаміў Пазнякоў.

Тым жа праходчыкам павінны даваць дадатковыя 42 дні адпачынку да мінімальнага (агулам атрымліваецца 66 дзён), скарочаны працоўны дзень (сем гадзін, а не восем), грашовыя даплаты. Плюс работнікі трапляюць пад дадатковае пенсійнае страхаванне. Кампанія мусіць адлічаць 9% ад іх заробку ў фонд сацабароны насельніцтва, і чалавек пасля абірае — ці выйсці раней на 10 год на пенсію, ці забраць гэтыя грошы.

Нічога з гэтага шахцёры ў Любанскім раёне не атрымалі.

Фота mlyn.by.

Фота mlyn.by.

«Як гэта магчыма, калі кампанія працуе на тэрыторыі Беларусі? Мы адправілі скаргу ў пракуратуру. Сустрэліся з кіраўніком кампаніі — ён нам сказаў, што яны не абавязаны праводзіць атэстацыю. Пасля сустрэчы пачалі выклікаць работнікаў, апытваць, хто ў складзе прафсаюза. Пачаўся ціск. Трэба прымусіць дзяржаву выконваць сваю функцыю».

Па словах Максіма Пазнякова, у кампаніі працуе каля 300 чалавек (сярод іх і беларусы, і замежнікі). Практычна ўсе — пад зямлёй.

У камітэце па працы, занятасці і сацабароне Мінскага аблвыканвама пра сітуацыю ведаюць, але пакуль паўплываць не могуць.

«Кампенсацыі распаўсюджваюцца на работнікаў, якія прыняты на працу арганізацыямі, зарэгістраванымі на тэрыторыі Беларусі.

Гэта кампанія не зарэгістравана. Яна здзяйсняе прыём на працу на падставе даверанасці, якая ў іх ёсць. Вось у чым праблема»,

— патлумачыла кіраўніца ўпраўлення дзяржаўнай экспертызы ўмоў і аховы працы камітэта Аксана Кавалёва.

Яна дадала, што, каб урэгуляваць праблемы, трэба ўнесці змены ў заканадаўства, таму ўсе дакументы накіравалі ў Міністэрства працы і сацабароны. Там пацвердзілі, што разглядаюць сітуацыю, але пракаментаваць змогуць, толькі калі азнаёмяцца з усімі нюансамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?