Пасля публікацыі звестак пра новы спосаб махлярства грамадзяне пазналі аферыстаў і дапамаглі іх затрымаць, паведамляе міліцыя.
Раней МУС расказвала пра зламыснікаў, якія пад выглядам будаўнікоў, што знайшлі скарб, прапануюць мінакам купіць «залатыя» і «сярэбраныя» манеты.
У Лепелі 21 лістапада мясцовы жыхар убачыў падазроных грамадзян неславянскай знешнасці. Яны на вуліцы прапаноўвалі мінакам купіць старадаўнія манеты. Пільны гараджанін патэлефанаваў па тэлефоне 102.
Супрацоўнікі міліцыі неўзабаве выявілі аўто з расійскімі нумарамі, на якім перамяшчаліся прадаўцы «рарытэтаў». Мужчыну і жанчыну даставілі ў аддзел міліцыі.
Ужо ўстаноўлена, што затрыманыя датычныя да аналагічнай здзелкі месячнай даўнасці ў Маладзечне: там мясцоваму жыхару прадалі тры падробленыя манеты і медаль.
Таксама стала вядома яшчэ аб адным пацярпелым: жыхар аднаго з абласных цэнтраў зразумеў, што яго падманулі, калі ўбачыў па тэлевізары сюжэт на гэтую тэму. За падробленую калекцыю ён заплаціў гастралёрам-ашуканцам каля $5 тысяч.