У праграме «Клуб рэдактараў» на БТ-1 кіраўнікі дзяржаўных СМІ выказаліся пра ціск з боку Расіі на Беларусь праз СМІ.
Падчас перадачы кіраўнікі беларускіх СМІ закранулі ролік на тэлеканале Euronews, прысвечаны беларускім выбарам.
Генеральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч заўважыла, што сюжэт з'явіўся толькі ў рускамоўным эфіры, а на англамоўным канале Euronews яго не было. Таму яна выказала здагадку, што гэты матэрыял цалкам магчыма быў замоўлены не заходнімі суседзямі Беларусі.
«Я не ўпэўненая, што Брусель так ужо быў зацікаўлены ў гэтым матэрыяле. Часам хочацца паўплываць на Беларусь з розных бакоў, і, па-мойму, гэта таксама магчымасць прамацаць. Мне здаецца, гэты матэрыял можна разглядаць і так таксама», — дадала кіраўніца агенцтва.
Галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Дзмітрый Жук згадаў пра артыкул расійскай газеты «Коммерсантъ», у якой на днях выйшаў матэрыял з Вашынгтона: у сталіцы ЗША, па словах аўтара, разважалі, як дапамагчы Беларусі, не дапамагаючы Лукашэнку.
«Адкрытая заказуха. Ніколі гэтага не было бачна», — заявіў ён.
Кіраўнік тэлеканала АНТ Марат Маркаў заўважыў, што матэрыял у газеце «Коммерсантъ» падобны да сюжэта Euronews: «Тэхналогія тая ж. Нават падбор слоў аднолькавы чамусьці».
Дзмітрый Жук, працягнуўшы дыскусію, нагадаў, што Беларусь не ўпершыню сутыкаецца з ціскам напярэдадні падпісання дамоўленасцей з Расіяй.
«Вось навошта гэта робіцца?» — задаў ён рытарычнае пытанне.
Акуловіч згадала аб нядаўнім візіце Аляксандра Лукашэнкі ў Вену і паездцы прэм'ер-міністра Сяргея Румаса ў Лондан, звярнуўшы ўвагу, што ў Беларусі выстройваюцца дастаткова блізкія адносіны з заходнімі суседзямі.
«Цалкам магчыма, гэта раздражняе, і выкарыстоўваюцца ўжо трохі іншыя метады, больш вострыя», — апісала яна дзеянні расійскага боку.
Кіраўнік АНТ Марат Маркаў быў больш рэзкім: «Галоўнае, каб нашы саюзнікі не блыталі гнуткасць пазіцыі з гнуткасцю спіны. Калі сапраўды сяброўскія, узаемавыгадныя адносіны, давайце сябраваць без аніякіх праблемаў. Мы рэальна гатовыя супрацоўнічаць. Але калі (прабачце, можа быць некалькі ўтрыравана) як перад панам сагнуцца — тады не трэба, дзякуй. Мая пазіцыя такая».





