Восем афіцэраў расійскага ГРУ імаверна датычныя да спробы атручвання балгарскага збройніка Амяляна Гебрава з дапамогай яду Навічок у красавіку 2015 года, паведамляецца ў расследаванні Bellingcat, The Insider і Der Spiegel.

Падчас меркаванага атручвання бізнэсмена Гебрава ў Балгарыі знаходзіўся генерал-маёр Дзяніс Сяргееў (псеўданім — Сяргей Фядотаў). Ён таксама фігуруе ў справе аб атручванні ў брытанскім Солсберы былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

Усяго ў аперацыі ў Балгарыі ўдзельнічалі яшчэ не менш за сем супрацоўнікаў ГРУ: Сяргей Люценка (Сяргей Паўлаў), Пётр Барысаў (Георгій Гаршкоў), Іван Цярэнцьеў (Іван Лебедзеў), Мікалай Яжоў (Мікалай Кананыхін), Аляксей Калінін (Аляксей Нікіцін), Данііл Капралаў (Данііл Сцяпанаў) і Уладзімір Маісееў (Уладзімір Папоў). Апошні можа таксама быць ключавым арганізатарам няўдалага дзяржаўнага перавароту ў Чарнагорыі.

Рэальныя імёны афіцэраў ГРУ ўстанавілі з дапамогай даных іх замежных пашпартоў, а таксама падчас параўнання фатаграфій у расійскіх базах даных са здымкамі, якія тыя рабілі для падачы дакументаў на шэнгенскую візу.

Прычына атручвання Гебрава пакуль што дакладна не ясная нават для самой ахвяры.

Па словах самога Гебрава, ён пастаўляў узбраенні Грузіі падчас ваенных дзеянняў 2008 года, але яго зброя складала не больш за 10 працэнтаў ад балгарскіх паставак гэтай краіне. Ён таксама сцвярджае, што ні прама, ні ўскосна не пастаўляў зброю ва Украіну пасля пачатку канфлікту з Расіяй у 2014 годзе.

У 2015 годзе Гебраў быў шпіталізаваны, пасля таго як страціў прытомнасць на прыёме, які ён ладзіў у Сафіі. Прыкладна ў той жа час дрэнна сябе адчулі сын Гебрава і адзін з топ-менеджараў яго кампаніі. Усіх трох шпіталізавалі з сімптомамі цяжкага атручвання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0