Журналіста Уладзіміра Чудзянцова арыштавалі на два месяцы. Пра гэта Tut.by паведаміў ягоны адвакат Аляксандр Галіеў. Зараз журналіст знаходзіцца ў статусе падазраванага па справе аб спробе кантрабанды марыхуаны праз мяжу.

На беларуска-польскай мяжы пры даглядзе ў сумцы Уладзіміра знайшлі марыхуану. Сам журналіст па выніках агляду не знаходзіўся пад уплывам наркатычных рэчываў. 24 лістапада пракурор выбраў для Чудзянцова меру стрымання — арышт.

— Зараз ён арыштаваны на два месяцы. Ён застанецца пад вартай, калі на працягу тыдня яму будзе выстаўлена абвінавачванне, — сказаў адвакат. — Калі абвінавачванне не будзе прад'яўлена ў гэты тэрмін, то Уладзіміра павінны адпусціць на волю.

На момант публікацыі нататкі Уладзімір знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. 25 лістапада ён будзе пераведзены ў СІЗА.

Па словах адваката, Уладзімір віну не прызнае і лічыць, што наркотыкі яму падкінулі. Абвінавачванняў у адрас канкрэтных супрацоўнікаў ён пакуль не выстаўляе.

У МУС сітуацыю з затрыманнем Уладзіміра Чудзянцова пакуль што не каментуюць.

Нагадаем, Уладзіміра Чудзянцова мытнікі знялі з цягніка на пункце пропуску «Брэст — Цярэспаль» увечары 21 лістапада. Журналіст накіроўваўся ў Варшаву. У сумцы ў яго пры мытным кантролі знайшлі невядомае рэчыва. У гэты ж дзень у журналіста дома правялі ператрус, дзе таксама выявілі невядомае рэчыва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?