Мінск і Кіеў абмяркоўваюць арганізацыю паставак нафты ў Беларусь праз Украіну, выкарыстоўваючы нафтаправод «Адэса-Броды». Пра гэта паведаміла прэс-служба міністэрства энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя Украіны па выніках пасяджэння ўкраінска-беларускай групы па супрацоўніцтве ў паліўна-энергетычнай сферы, піша tut.by.

Чыноўнікі таксама абмяркоўвалі магчымасць стварэння сумеснага прадпрыемства для транспарціроўкі нафты на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, які цяпер з'яўляецца адным з асноўных пастаўшчыкоў маторнага паліва на рынак Украіны.

Каб старанна вывучыць гэтыя прапановы, бакі дамовіліся стварыць працоўную групу, гаворыцца ў паведамленні Мінэнерга Украіны.

Беларусь вымушана шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак ва ўмовах падаражэння расійскай нафты.

У Мінска ўжо ёсць вопыт транспарціроўкі нафты з Венесуэлы, Азербайджана і Ірана праз украінскія парты. Аднак аб'ёмы паставак былі невялікія.

Раней Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў Літве і Латвіі сумесна купляць нафту на сусветным рынку і перапрацоўваць на наваполацкім «Нафтане». У выніку нафтапрадукты абыдуцца балтыйскім краінам танней, чым цяпер.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0