Аляксандр Лукашэнка не меў на ўвазе нічога дрэннага, калі назваў Калінінградскую вобласць «сваёй» і ўказаў на адказнасць Мінска за гэты рэгіён з савецкіх часоў, заявіў РБК губернатар вобласці Антон Аліханаў.

«Нічога дрэннага Аляксандр Рыгоравіч не меў на ўвазе. Досыць вялікая колькасць беларусаў у свой час пераязджала жыць і працаваць у Калінінград, цяпер у нас добрыя сувязі і на чалавечым узроўні, і на ўзроўні прадпрымальнікаў», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, за апошнія два гады тавараабарот паміж Калінінградам і Беларуссю падвоіўся, бакі супрацоўнічаюць у многіх галінах, уключаючы аўтамабільную прамысловасць.

«Са свайго боку магу сказаць, што і Беларусь таксама «наша» ў тым сэнсе, што гэта братэрскі народ. Браты адзін аднаго ж не называюць чужымі. Мы адказваем адзін за аднаго», — заявіў Аліханаў і дадаў, што ў Калінінградскай вобласці жыве шмат этнічных беларусаў, а многія жыхары нашай краіны прыязджаюць у рэгіён на адпачынак.

На сустрэчы з Аліханавым 25 лістапада Лукашэнка заявіў, што Мінск з часоў СССР нёс адказнасць за Калінінградскую вобласць. «Я і Ельцыну, і Уладзіміру Уладзіміравічу [Пуціну] часта казаў, калі абмяркоўвалі нейкія праблемы: «Калінінград — гэта наша вобласць, мы за яе адказвалі і адказваем перш за ўсё, а не Расія», — сказаў ён. Лукашэнка адзначыў, што бакі блізкія не толькі геаграфічна, але і гістарычна, а таксама заявіў, што ў савецкія часы «на самым высокім узроўні» абмяркоўвалася магчымасць далучэння Калінінградскай вобласці да Беларусі. «Можа, добра, што не зрабілі, таму што Крым далучылі да Украіны — аказалася, што «няправільна »зрабілі», — дадаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0