Ілюстрацыйнае фота Svaboda.org.
«Рэспубліка Рэвалюцыя». Была такая некалі камп'ютарная гульня ў канцы 90-х для постсавецкіх падлеткаў. Прадавалася на вуліцах.
Дзеянне адбывалася амаль у Менску, на вобраз якога былі накладзеныя ўсе былыя савецкія сталіцы.
Сумесь стратэгіі і ролевай гульні. Галоўны герой мусіў быў зрабіць «рэвалюцыю» ў постсавецкай карумпаванай дыктатарскай краіне.
Дык вось, там было тры метрыкі, на якія мог абаперціся наш герой, — Аўтарытэт, Сіла і Грошы. «Рэвалюцыю» можна было зрабіць умоўна трыма спосабамі:
1) вы «святы» лідар і ў вас ёсць вернікі,
2) вы «круты» і ў вас ёсць пацаны,
3) вы «багацей» і ў вас шмат грошай.
Ці можна было спалучаць гэтыя стратэгіі.
Галоўная ж ідэя гульні вельмі простая — трэба мець сілу, каб перамагчы. Моцным трэба быць, а не слабым.
Каб стаць моцным, трэба палюбіць сваю сілу. Трэба яе расціць, яе павялічваць, яе выбіраць.
А тое, што робіць нас слабымі, — трэба вызначаць і выдаляць.
Мы маглі б мець усе тры складнікі перамогі ў гэтай гульні. Але мы, беларусы, увесь час сварымся паміж сабой. Гэта галоўная нашая слабасць.
У бальшыні выпадкаў — не вельмі і важна, пра што мы там сварымся — важна само тое, што мы сварымся, і тое, што мы робімся ад гэтага слабейшымі.
Не важна ўжо даўно — выбары ці байкот, — важна ўсім аб'яднацца і стаць сілай.





