Кожны чацвёрты беларус сутыкаўся з кіберзлачынствамі, у тым ліку праз знаёмых і сваякоў. Такія звесткі апытання прывёў на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС Вадзім Усціновіч, паведамляюць Мінск-навіны.

Па выніках апытання, у якім прынялі ўдзел больш за 2,2 тыс. чалавек, высветлілася, што кожны дзявяты беларус выкарыстоўвае ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне, антывірусы і інтэрнэт-банкінг. Кожны трэці лічыць, што інфармацыйнай бяспецы павінны навучаць у школе і універсітэце.

Па словах В. Усціновіча, кожнае дзясятае злачынства ў Беларусі рэгіструецца ў сферы высокіх тэхналогій. Пры гэтым, паводле апытання, абароненым адчувае сябе кожны пяты рэспандэнт.

- Спадзяюся, гэта сапраўды тыя, хто ведае, што і як рабіць у віртуальным свеце, — адзначыў В. Усціновіч. — І ўсё ж рэальна абароненым можа лічыць сябе толькі той, хто не выкарыстоўвае смартфон і не карыстаецца паслугамі інтэрнэту.

Патэнцыйныя ахвяры кіберзлачынцаў — дзеці, пенсіянеры і самаўпэўненыя айцішнікі. Апошнія, улічваючы іх высокі даход, могуць пазбавіцца значных сум.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0