Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб махлярстве, якая была распачата супраць 35-гадовай магілёўкі.

Амаль год, са снежня 2018 года па кастрычнік 2019 года, абвінавачаная займалася дзейнасцю, вынікам якой было завалоданне чужой маёмасцю: прадстаўляючыся работнікам падатковай службы, яна выманьвала ў знаёмых грошы, абяцаючы вырашыць розныя пытанні шляхам подкупу службовых асоб.

Так, сын індывідуальнага прадпрымальніка страціў 150 рублёў, якія абвінавачаная абяцала перадаць падатковаму інспектару для вырашэння пытання аб вяртанні доўгу крэдыторам. Грошы, зразумела, абвінавачаная прысвоіла сабе.

Яшчэ адзін эпізод: 450 даляраў ЗША «зарабіла» абвінавачаная за вырашэнне пытання з уладкаваннем дзіцяці ў дзіцячы сад. А вось паслуга па запаўненні кнігі ўліку матэрыяльна-тэхнічных сродкаў і бракеражнага часопіса каштавалі адной магілёўцы 200 рублёў.

Скарыстаўшыся ўразлівым псіхалагічным станам знаёмай, абвінавачаная пераканала яе ў тым, што яе тэлефон праслухоўваюць праваахоўнікі. За падрабязную інфармацыю аб ходзе следства яна атрымала ад пацярпелай 500 рублёў, якія «павінны былі быць перададзены нейкай службовай асобе».

Самая буйная сума «хабару», якая павінна была быць перададзена абвінавачванай службовай асобе падатковай інспекцыі, склала 4200 рублёў. Гэтая сума павінна была стаць гарантам вырашэння пытання аб куплі зямельнага ўчастка па заніжаным кошце. Атрымаць гэтыя грошы абвінавачаная не змагла, паколькі яе затрымалі праваахоўнікі.

Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру, а сама абвінавачаная пакуль што знаходзіцца на волі — пад асабістым паручыцельствам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0