Бацькі школьнікаў з Дзятлава распавялі мінскаму настаўніку і кіраўніку праекта «Народны падручнік» Сяргею Альшэўскаму пра тое, што ім даводзіцца плаціць грошы за заняткі плаваннем, якое ўключана ў школьную праграму. Сяргей напісаў зварот у Міністэрства адукацыі, дзе адказалі, што за ўрокі спаганяць плату неправамерна, піша Tut.by.

Справа ў тым, што праграмай па прадмеце «Фізічная культура і здароўе» ў пачатковых класах прадугледжана (пры наяўнасці неабходных умоў) ад 18 да 24 гадзін на навучанне плаванню. Умовы ў Дзятлаве ёсць — у раённым цэнтры дзейнічае басейн, а значыць, плаванне можна ўключаць у праграму навучання. Аднак бацькі школьнікаў сутыкнуліся з тым, што заняткі аказаліся платнымі.

Басейн у Дзятлаве замацаваны за мясцовым РУП ЖКГ. Кошт наведвання — 3 рублі для дзяцей, 5 рублёў — для дарослых.

У аддзеле адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама распавялі, што, так, дзеці плацяць за плаванне 50 працэнтаў ад кошту дзіцячага білета, але гэта не заняткі фізкультуры.

— За ўрокі дзеці дакладна не плацяць. Задоўга да таго, як плаванне было ўнесена ў школьную праграму, на ўзроўні райвыканкама было прынята рашэнне аб навучанні плаванню дзяцей. Арганізавалі бясплатны падвоз нават з самых аддаленых вёсак раёна. Палову паслуг ЖКГ аплачваў райвыканкам, палову — бацькі. Заняткі праходзілі пасля ўрокаў, — распавялі ў аддзеле адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама.

Праўда, мама, чыё дзіця вучыцца ў адной з дзятлаўскіх школ, запэўнівае, што гэта былі ўсё ж заняткі фізкультуры — і яны былі платнымі.

— І летась, і сёлета — аж да сённяшняга дня — заняткі былі платнымі, а сёння, 27 лістапада, сталі бясплатнымі, — кажа мясцовая жыхарка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?