Затрыманы гамяльчук.
Новы год 35-гадовы гамяльчук сустрэне не дома ў коле сям'і з дзецьмі, а ў СІЗА Адэсы. Мясцовы суд арыштаваў яго на два месяцы па падазрэнні ў здзяйсненні цяжкіх злачынстваў, паведамляць «Моцныя навіны».
Паводле паліцыі, грамадзянін Беларусі разам з саўдзельнікамі ўварваліся ў кватэру 44-гадовага адэсіта, ужылі супраць гаспадара слёзатачывы газ і фізічную сілу, а затым запхнулі яго ў свой аўтамабіль, адвезлі ў цэнтр горада і выпіхнулі з салона. Пацярпелы адразу ж звярнуўся ў паліцыю, паведаміў пра абставіны здарэння і прыкметы разбойнікаў.
У Адэсе ўвялі адмысловы аператыўны план «Перахоп». Праз некалькі гадзін на выездзе з горада праваахоўнікі спынілі ўседарожнік, за рулём якога знаходзіўся меркаваны злачынец. Ім аказаўся ўраджэнец Гомеля. Паводле яго слоў, раней ён не судзімы, ва Украіну прыехаў на заробкі, але афіцыйна не працаўладкаваны, а ў Беларусі ў яго двое непаўналетніх дзяцей.
У дачыненні да затрыманага следствам вынесена пастанова аб падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 187 (разбой) і ч. 2 арт. 146 (незаконнае пазбаўленне свабоды чалавека) КК Украіны. Беларусу пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 7 да 12 гадоў.
Паліцыя працягвае пошук іншых удзельнікаў злачынства.





