Фота Волі Афіцэравай
Пасля дастатковага адпачынку, часу з дзецьмі і блізкімі чалавек гатовы генераваць крэатыўныя ідэі. Такое меркаванне выказалі ўдзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Стратэгія развіцця эканомікі Беларусі: выклікі, інструменты рэалізацыі і перспектывы», якая праходзіць ў Нацыянальнай акадэміі навук, паведамляюць Мінск-навіны.
— Шведы правялі даследаванне і высветлілі: чалавек не можа працаваць інтэнсіўна на працягу больш чым 6,5 гадзіны. Потым ён стамляецца, губляе ўвагу, — сказаў Валерый Бельскі, доктар эканамічных навук, дырэктар Інстытута эканомікі НАН Беларусі.
Паводле яго слоў, у краінах, дзе добра развіты сістэмы аўтаматызаванага кіравання (дзе чалавек часцей працуе з машынай, а не іншым чалавекам), каштоўнасць жывых зносін губляецца:
— Трэба даваць людзям час для аднаўлення душэўных і фізічных сіл. Цяпер кажуць пра скарочаны працоўны тыдзень. Ён дае магчымасць захаваць рэсурс чалавека. Адпачынак — гэта перспектыва таго, што пасля размовы з дзецьмі, блізкімі ў чалавека з'явяцца рэсурсы і крэатыўныя ідэі. Таму, калі разглядаюць пытанне, рабіць 31 снежня выходным ці не, я прапаную рабіць.
З Бельскім згодная доктар эканамічных навук Людміла Нехарошава:
— Сапраўды, калі паглядзець на іншыя краіны, мы дзівімся: яны адпачываюць у канцы снежня і паспяваюць усё зрабіць. У гэтым істотнае адрозненне арганізацыі працы ў нас і за мяжой.
Нагадаем, у апошнія гады беларусы адпачывалі 31 снежня. У 2016-м і 2017-м гэты дзень прыпаў на суботу і нядзелю адпаведна. Перад сустрэчай Новага, 2019 года беларусы адпачывалі ў панядзелак, 31 снежня, бо загадзя адпрацавалі яго ў суботу, 29 снежня.