Начальнік Генштаба, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў расказаў карэспандэнту «Нашай Нівы» пра вынікі візіту ў Беларусь начальніка Генштаба Італіі Энца Вечыярэлі.
Дагэтуль нашу краіну наведваў толькі кіраўнік Генштаба Латвіі, але Італія — іншы масштаб, італьянцы — адны з лідараў НАТА.
Вечыярэлі прыехаў у Беларусь на мінулым тыдні па асабістым запрашэнні Белаконева. Вайскоўцы пазнаёміліся ў Нью-Ёрку, дзе начальнік беларускага Генштаба выступаў на адной з канферэнцый па пытанні міратворчай дзейнасці.
«У нас адна з задач дзейнасці — развіццё дзейнасці ў рамках міратворчых сіл ААН, у тым ліку ў Ліване. На сёння мы выконваем там пэўныя задачы: беларусы ёсць у структурах забеспячэння і ў медыцынскім персанале. Два нашыя аператыўныя афіцэры таксама там.
І мы абмяркоўвалі са спадаром Вечыярэлі тэхнічныя пытанні, якія трэба ўнесці ў дакументы, каб і наш вайсковы кантынгент змог паехаць у складзе італьянскіх сіл у Ліване і выконваць сумесныя задачы з сербамі, італьянцамі і палякамі», — расказаў Белаконеў.
Як ён патлумачыў, Беларусь не можа адправіць міратворцаў у Ліван, бо гэтае рашэнне прымае ААН. А кіраўнік кантынгенту ў Ліване — Італія, усё залежыць ад іх.
Натуральна, гаворка ідзе пра кантрактнікаў, а не салдат тэрміновай службы.
Мы таксама спыталіся ў начальніка Генштаба такую рэч: ёсць Сербія, якая сябруе і трэніруе войскі і з Расіяй, і з НАТА. А калі мы, беларусы, дэкларуем у Канстытуцыі імкненне да нейтралітэту, то чаму тады праводзім вучэнні толькі з адной сілай — Расіяй, і не праводзім з іншай — НАТА?
«Беларусь гатовая да сумесных вучэнняў з НАТА, ідуць нават перамовы пра магчымыя фарматы. Але гэта з той умовай, што НАТА будзе разумець: наш стратэгічны саюзнік — гэта Расія», — сказаў Белаконеў.





