Фота «Беларускай энцыклапедыі»
Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выпусціла кнігу «Кампазітары Беларусі. Мікалай Аладаў. Яўген Глебаў. Сяргей Картэс» у серыі «Вялікія і знакамітыя людзі беларускай зямлі». Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў выдавецтве.
Прэзентацыя выдання адбылася ў час міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У кнізе ў папулярнай форме прадстаўлены жыццёвы шлях, музычная творчасць і дзейнасць трох выдатных беларускіх кампазітараў ХХ стагоддзя. У аснову выдання пакладзены ўнікальныя архіўныя дакументы, пісьмы, рукапісы, успаміны сучаснікаў.
Як адзначыла адна з аўтараў кнігі, загадчыца кафедры гісторыі беларускай музыкі і музычнай беларусістыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталля Ганул, чытач дзякуючы кніжнай навінцы не толькі акунецца ў музычную культуру мінулага стагоддзя, але і азнаёміцца з нацыянальнай гісторыяй праз яе выдатных прадстаўнікоў.
«Аладаў, Глебаў і Картэс звязаны з фарміраваннем нацыянальнай прафесійнай кампазітарскай школы XX стагоддзя. Гэтыя кампазітары ўнеслі каласальны ўклад у развіццё беларускага музычнага мастацтва, музычных жанраў і выканальніцкага майстэрства. Яны з'яўляюцца гордасцю нашай Айчыны і арганічна ўпісваюцца ў сусветную мастацкую прастору», - сказала яна.





