У раёне чыгуначнага пераходу па вуліцы Будзёнага ў Гродне 43-гадовая жанчына дагнала 25-гадовага маладога чалавека і папрасіла яго мабільны тэлефон, каб патэлефанаваць, паведамляе абласная міліцыя.
Але пасля таго, як яна атрымала ў рукі Huawei коштам 600 рублёў, адразу кінулася наўцёкі.
Пацярпелы мае першую групу інваліднасці і перасоўваецца з дапамогай мыліц. Таму дагнаць жанчыну не змог і звярнуўся ў міліцыю.
Супрацоўнікі Ленінскага РАУС аператыўна затрымалі жанчыну, тэлефон вернуты ўладальніку.





