Валейбаліст Ягор Клюка: у мяне няма адказаў
У 2012 кобрынец Ягор Клюка вырашыў змяніць грамадзянства і стаў выступаць за клуб «Факел» з Новага Урэнгою. Тады Ягор расказваў, што «пераезд у Расію выратаваў яго кар’еру».
Цягам апошніх гадоў Клюка паспяхова выступаў на міжнародных спаборніцтвах у складзе зборнай Расіі, нават стаў чэмпіёнам Еўропы ў 2017 годзе.
На пытанне, як дыскваліфікацыя Расіі адаб’ецца на яго кар’еры, Ягор выказаўся вельмі стрымана:
«У мяне няма адказаў на гэта пытанне. Як няма адказу і на пытанне, ці планую я вярнуцца ў Беларусь. У свой час я шмат чаго нагаварыў СМІ, цяпер вучуся на сваіх памылках. Таму пакуль каментаваць нічога не буду», — сказаў Ягор Клюка.
Пяціборац Аляксандр Лясун: выступлю ў Токіа, пасля вазьму паўзу
Аляксандр Лясун нарадзіўся ў Барысаве і дастаткова паспяхова выступаў за зборную Беларусі. Пасля Алімпіяды-2008 пераехаў у Расію. Тады называў для гэтага дзве прычыны: у Беларусі яму забаранялі выступаць па стане здароўя, дый выбіцца ў зборную было мала шанцаў.
фота Petr Toman / Shutterstock.com
У складзе зборнай Расіі Лясун заваяваў алімпійскае золата ў Рыа-дэ-Жанейра.
«Шчыра кажучы, я пакуль не ведаю, ці адаб’ецца гэта на маёй кар’еры. Сумняюся, канечне, але прыемнага мала», — дзеліцца Аляксандр.
Наконт магчымасці чарговы раз змяніць краіну Аляксандр адказвае ўхіліста:
«Усё будзе залежаць ад прапаноў. Я б хацеў пасля выступлення на Алімпіядзе ў Токіа зрабіць паўзу. Наколькі мне вядома, чыстыя спартсмены будуць мець допуск да ўдзелу ў гульнях, але спачатку на Алімпіяду трэба адабрацца», — кажа Аляксандр.
Кідальнік молата Мікалай Башан: калі паклічуць у Беларусь, вярнуся безумоўна
Мікалай Башан мае два грамадзянствы: расійскае і беларускае. Прызнаецца, што, калі атрымліваў расійскае грамадзянства, асабліва не ўсведамляў, для чаго яму гэта.
«Я быў яшчэ дзіцем, з’ехаў у Расію разам з трэнерам», — прызнаецца Мікалай.
Сур’ёзных дасягненняў на міжнародным узроўні Мікалай у складзе расійскай зборнай так і не дамогся, таму на пытанне пра тое, што будзе рабіць цяпер, шчыра адказвае:
«Толкам яшчэ не зразумела, што цяпер будзе. Але калі паклічуць выступаць за зборную Беларусі, вярнуся безумоўна!»





