gp.by
11 снежня Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА падчас сесіі у Багаце (Калумбія) прыняў рашэнне аб уключэнні абрада «Юраўскі карагод» у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, паведамляе МЗС
«Юраўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці — гэта старажытны абрад, прымеркаваны да веснавога свята Юр'я (6 мая). Ён з’яўляецца адметнасцю не толькі беларусаў, але мае вялікае значэнне для ўсёй славянскай цывілізацыі. Захаванне абрада — гэта ўклад Беларусі ў агульную мазаіку сусветнай культуры і развіццё культурнай разнастайнасці, адзначаецца ў паведамленні.
Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА налічвае тры беларускія элементы. Таксама раней уключаны святочны калядны абрад «Калядныя цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна (2009 год) і «Святкаванне ў гонар іконы Маці Божай Будслаўскай» (Будслаўскі фэст) у 2017 годзе.





