950 даляраў ЗША і залаты пярсцёнак скралі з кватэры ў 49-гадовай мінчанкі. Праваахоўнікі аператыўна высветлілі асобу выкрадальніка і затрымалі, паведамляе сталічная міліцыя.
Да крадзяжу аказаўся датычны 19-гадовы малады чалавек, які на працягу паўтара месяца прыходзіў у госці да дачкі жанчыны.
Хлопец патлумачыў праваахоўнікам, што даляры ён выявіў у тумбачцы, якая знаходзілася ў бацькоўскім пакоі. Паколькі фігурант меў фінансавыя цяжкасці ў пагашэнні доўгу, то вырашыў скрасці грошы. Першапачаткова скраў 250 даляраў, а прыйшоўшы другі раз, 700 даляраў.
Трэці візіт маладога чалавека скончыўся крадзяжом залатога пярсцёнка, які ляжаў на тумбачцы.
Ювелірны выраб хлопец прадаў, а выручаныя грошы разам са скрадзенымі патраціў на пагашэнне доўгу.





