Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра такі феномен савецкай культуры, як «шасцідзясятніцтва», і разважае аб тым, ці было яно ў БССР.

Сёння заўсёды вынікае з учора. 

Калі я думаю, чаму ў Беларусі ўсё ніяк не скончыцца СССР, то ў першую чаргу прыгадваецца Адамовічава «беларуская Вандэя» і тое, што тут так і не адбылося паўнавартаснай Перабудовы з хаця б нейкай люстрацыяй. Гэта, дарэчы, моцна адрознівае нас ад Расіі, у якой якая-ніякая, але ж была і крытыка Сталіна-Гулагу, і ачышчэнне ад камуністаў ва ўладзе.

Але ёсць прытоены перыяд, які, здаецца, не менш важны за Перабудову, Цоя, «Перамен» — усе рэчы, пра якія могуць згадаць народжаныя ў 60-я і 70-я. Я вяду гаворку пра такі важкі для культуры СССР феномен, як «шасцідзясятніцтва». Свайго кшталту «Перабудова 1.0», якую яшчэ не пафіксілі дэфіцыт, Афганская вайна і малыя цэны на нафту

Пры слове «шасцідзясятнікі» найперш згадваюцца аблашчаныя партыяй паэты і выканаўцы: Вазнясенскі, Акуджава, Еўтушэнка. Але недзе побач тут былі і Ахматава, і Бродскі, і Высоцкі, і Венцлава — усё постаці значныя, з сусветнай вагой. Калі мы кажам «шасцідзясятнікі» сёння, найперш у галаву прыходзіць дзёрзкі маладзён у грубым швэдры з фільма пад Даўлатава. 

Ці былі яны супраць улады? 

Адназначна не. 

Ці былі яны «за партыю»? 

Хм, з гэтым складаней. Гімнам эпохі лічыцца верш Андрэя Вазнясенскага «Прыбярыце Леніна з грошай». Ён не такі борзы, як можа падацца з загалоўя, бо правадыра прыбраць Вазнясенскі прапанаваў таму, што «цана яго (Леніна)» — высокая. Ён не казаў нічога крамольнага, асуджаючы тое, што Леніна «за ліцо» мацаюць спекулянты і таварышы, якім трэба набыць «паўлітру і агурцоў». А Ленін — «самая чыстая дзея», «ён для сэрца і для сцягоў». 

Але заклік прыбраць — асноўнае. 

Пазіцыя шасцідзясятнікаў — як і гэтае выказванне Вазнясенскага — фіга ў кішэні. Каралі за тую фігу па-рознаму — кагось (Высоцкі), напрыклад, пазбаўлялі камандзіроўкі ў Парыж, кагось (Бродскі, Венцлава) — выпраўлялі ў вечнае мытарства. 

Але вось што прынцыпова: сапраўднымі, не экраннымі і не газетнымі, героямі той эпохі былі менавіта вальнадумцы і выгнаннікі: Бродскі, Венцлава, Пастарнак і іншыя. 

Людажэр Сталін знік, прыйшоў памяркоўны Хрушчоў з ягонай адлігай, і інтэлігенцыя — акцёры культавых тэатраў буйных гарадоў, паэты, барды — адчулі сябе ў праве бухцець. Хаця б на кухнях, за келіхам і цыгарэтай «Шыпка». 

Але — што істотна — іх кухонны бухцёж нейкім чынам чула ўся краіна.

А што ж Беларусь? Яна ў тыя часы была часткай СССР і мусіла атрымаць ад адлігі і шасцідзясятніцтва тыя ж бонусы і прывілеі, што і Масква з Ленінградам.

Дык вось не! Шасцідзясятніцтва ў Беларусі праявілася ў татальным заціску, вынішчэнні, русіфікацыі і наступе на ўсё жывое. 

60-я ў Беларусі — найперш час, калі зноў прыняліся знішчаць архітэктурную спадчыну славутых часоў. Вынішчаць мэтаскіравана, старанна, як не рабілі дагэтуль. 6 цэркваў за дзесяцігоддзе было зруйнавана толькі ў Оршы. Велічны саборны мячэт з 32-метровым мінарэтам быў знесены ў Мінску ў 1962-м, каб выбудаваць і добраўпарадкаваць пляцоўку ля гасцініцы «Юбілейная». Яшчэ адна страта Мінска 1960-х, часоў усесаюзнай адлігі, — сабор Войцеха і кляштар бенедыктынак. На ягоным месцы цяпер знаходзіцца генеральная пракуратура. У 1967-м знеслі старэйшы храм у Беларусі, царкву Дабравешчання ў Віцебску. У Берасці старажытныя гандлёвыя рады і сінагогу зрабілі кінатэатрам.

Паралельна, пасля таго як Хрушчоў паслухаў беларускамоўны выступ Мазурава, «нічэво не понял» і сказаў, што «чем быстрей мы заговорім по-русскі, тем быстрей наступіт коммунізм», распачатая была маштабная кампанія барацьбы з беларускай мовай у школе і ва ўніверсітэтах. Наступ ішоў адразу па ўсіх франтах, суправаджаючыся судовым пераследам вернікаў і заціскам ва ўсіх сферах, дзе яшчэ віравала жывое жыццё.

То: не. Шасцідзясятнікаў у Беларусі не было. 

Не было сваіх Бродскіх, якія пры выразна трагічных лёсах рабіліся сапраўднымі героямі насельнікаў вялікіх гарадоў. Вершы якіх, нягледзячы на пераслед, распаўсюджвалі ў спісах студэнты ўсіх ВНУ. Беларуская наменклатура замест адлігі ўсталёўвала тут у 1960-я зусім іншую тэмпературу па палаце.

Часам падаецца, што здабыццё незалежнасці ў 1991 годзе было чыстым цудам, спадзеву на які не даваў ніводны фрагмент папярэдняй гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?