Апошнія 10 гадоў Крысціна Шыянок жыве ў Чэхіі. Яна — судовая перакладчыца. Амаль 24 гадзіны на суткі яе могуць выклікаць у паліцыю альбо суд, каб перакладаць паміж беларускай, рускай і чэшскай. Вольны час дзяўчына прысвячае беларускай дыяспары: ад перакладаў выступаў гасцей з Беларусі да… арганізацыі «беларускага піва», піша budzma.by.

Крысціна нарадзілася ў Мінску, тата паходзіць з Віцебшчыны, мама — з Магілёўшчыны. Але жыць вырашана было ў Маладзечне. Тым не менш наша гераіня пераехала ў Мінск, каб вучыцца рускай філалогіі ў Ліцэі БДУ, а пасля — чэшскай і беларускай на філфаку БДУ. Валоданне чэшскай мовай і стала адной з падставаў для пераезду, але не адзінай. Зрэшты, пра ўсё па парадку.

«Адчуванне, што твае дзеянні не даюць плёну…»

Чаму ўсё ж ты вырашыла пераехаць? Чаму ў Прагу?

Гэта быў цэлы комплекс фактараў. Знайсці працу з чэшскай мовай у Беларусі было няпроста. Яшчэ калі вучылася на філфаку, я пачала сама выкладаць, запусціла курсы чэшскай у шэрагу мінскіх моўных школаў. Але задавалася пытаннем: а што далей? Хацелася скараць вяршыні. Я паставіла мэту: знайсці сябе ў вусным перакладзе. Але для гэтага былі патрэбныя веды і, галоўнае, практыка. Беларусь гэтага даць не магла: на філфаку вусны пераклад адсутнічаў… Заставаўся варыянт Чэхіі. Вучыцца і зарабляць, каб жыць на нешта.

Праца, амбіцыі, але было і іншае. Я з’ехала ў 2009-м, але думка з’явілася яшчэ ў 2006-м, пасля выбараў. Быў стан апатыі ў грамадстве. Адчуванне, што твае дзеянні не даюць плёну, не вядуць да жаданага выніку. Або той вынік па маштабах не адпавядае чаканням. Мне выпала ў той час паехаць на стажыроўку ў Прагу, дзе якраз праходзіла выстава «Выбары без выбару» пра пратэсты ў Мінску. Была ўражаная, наколькі ў Чэхіі свабоднае грамадства, якое мысліць. Божа, яны цікавяцца Беларуссю, з якой нават не мяжуюць! Я адчула, што хачу тут пажыць хаця б нейкі час.

Пасля пераезду, 2010 год. 

Пасля пераезду, 2010 год. 

То-бок у 2009-м ты паехала вучыцца?

Калі пераехала, то мела статус студэнткі. Я паступіла на бакалаўрэат, хай і мела ўжо вышэйшую адукацыю. Адвучылася, першай спецыяльнасцю была міжкультурная камунікацыя, далей можна было ісці ў магістратуру, на пісьмовы і вусны пераклад. Так склалася, што я ўзяла яшчэ адну спецыяльнасць — выкладанне чэшскай як замежнай. У выніку я скончыла дзве магістратуры.

Спачатку нельга было казаць пра частыя замовы на пераклад. Трэба было выбудаваць рэпутацыю, займець сталых кліентаў. Таму і пачала з выкладання чэшскай: рабіла тое, што ўмею. Для руска-беларуска-ўкраінскамоўных у розных школах. Ведаеш, калі вучыш студэнтаў, якія такія ж мігранты, як і ты, хутка збліжаешся: пазнаеш у іх эмоцыях, перажываннях свае, пачынаеш за іх пераймацца… Было адчуванне вялікай сям’і, якую нельга кінуць. Толькі на трэці год свайго жыцця тут я змагла пачаць прысвячаць палову часу перакладам. Цяпер толькі перакладаю.

«Перакладчыку з ісландскай у Празе жылося б спакайней»

Чаму ў выніку менавіта судовы пераклад?

Яшчэ перад пераездам, падчас стажыроўкі, я пазнаёмілася ў Празе з беларускай, якая займалася судовым перакладам. І захапілася! Наогул, некалі я хацела паступаць на міжнароднае права, але абрала філфак. Так ува мне і жыла нерэалізаваная юрыстка. Без ведання права якасны судовы пераклад немагчымы, таму я знайшла сваё! У Чэхіі назіраўся недахоп перакладчыкаў з беларускай мовы, то бок быў шанец. Так я сабе і паставіла новы выклік: здабыць пячатку судовай перакладчыцы.

Крысціна Шыянок пасля прысягі ў судзе, 2018 год.

Крысціна Шыянок пасля прысягі ў судзе, 2018 год.

Як гэта выглядае на практыцы? У судовай зале побач з суддзёй?

Па-першае, часцей побач з удзельнікамі працэсу, а па-другое, не толькі ў судах і паліцыі. Гэта можа быць і пісьмовы пераклад дакументаў, як, напрыклад, пасведчанне аб нараджэнні ці шлюбе. Для фізічных асобаў таксама перакладаю вусна на вяселлях: калі нехта з пары не валодае чэшскай, то ЗАГС патрабуе, каб прысутнічаў судовы перакладчык.

Часта даводзіцца перакладаць для МУС, для дэпартамента, які займаецца візамі і відамі на жыхарства. Прысутнічаю на правядзенні допытаў, каб забяспечыць паўнавартасную перадачу інфармацыю для ўдзельніка працэсу, які не валодае зусім або дрэнна валодае чэшскай. Допыт — не самая прыемная справа, таму чалавек можа хвалявацца, блытацца ў словах, нават калі вучыў мову. Прысутнасць перакладчыка ў такіх выпадках — гарантыя права на справядлівы працэс. Я бачу сваю працу як паслугу грамадству, мяне гэта натхняе.

Падчас сінхроннага перакладу

Падчас сінхроннага перакладу

То бок гэта не толькі зараблянне грошаў, але і місія?..

Менавіта так я і стараюся ўспрымаць. Ёсць, вядома, свае цяжкасці. Калі я атрымала пячатку судовай перакладчыцы, то страціла адчуванне свабоды. Цалкам. Калі ты звычайны перакладчык, то можаш адмовіцца. Калі ж судовы і працуеш з юстыцыяй, то цябе могуць выклікаць у любы час, то бок і ўначы з суботы на нядзелю. Багата незапланаваных выездаў. Я ж перакладаю з рускай, а мова запатрабаваная. Думаю, перакладчыку з ісландскай у Празе жылося б значна спакайней (смяецца).

«Беларусы не менш прагматычныя за чэхаў, але…»

Вяртаючыся назад, якія былі ўражанні пасля пераезду ад краіны? Ад людзей?

У мяне была вялізная перавага, бо на момант пераезду я ўжо добра ведала Прагу, мела сацыяльныя кантакты. Не скажу, што на 100% ведала менталітэт, але ўяўляла, чаго чакаць. Студэнты, якія едуць сюды вучыцца, раней ніколі не бываючы ў Чэхіі, часта перажываюць культурны шок і патрабуюць часу на адаптацыю… У мяне такога не было, бо я свой перажыла падчас стажыровак.

Спачатку мне падавалася, што чэхі вельмі прагматычныя: эканомяць на святле, вадзе, плануюць падарожжы так, каб заашчадзіць кожную крону. Цяпер гляджу на гэта па-іншаму. Беларусы не менш прагматычныя, але эканомяць, каб прыдбаць кватэру, машыну і г.д. У нас спачатку ідзе матэрыяльнае, пасля ўсё іншае. Чэхі ж могуць ашчаджаць, каб укласціся пасля ў нешта нематэрыальнае: у падарожжа, каб пазнаёміцца з іншымі культурамі, альбо ў які-небудзь праект, да якога неабыякавыя, у каштоўнасныя рэчы. Скіраванасць прагматычнасці іншая. Але гэта ўсё абагульненні.

Крысціна Шыянок перакладае мэра Прагі

Крысціна Шыянок перакладае мэра Прагі

Можа, нейкі канкрэтны прыклад?

Калі я працавала тут, у школе, то калега думала наконт калядных падарункаў і… вырашыла ў выніку набыць гадавыя праязныя! Першая мая рэакцыя: «Што?!..» Але тая ж калега магла для бабулі набыць квіткі ў тэатр. Такія рэчы часам шакуюць нашых суайчыннікаў. Я не лічу гэта нейкім «крахаборствам», хутчэй гэта прадуманасць. Прыярытэты тут па-іншаму будуюцца.

«Я расплакалася і выйшла на найбліжэйшым прыпынку…»

Ты казала пра каштоўнасці і свабоду… Дык чэхі маюць тую свабоду, навошта ў яе яшчэ ўкладацца?

Шлях да свабоды ніколі не заканчваецца. Гэта не тое, што прыдбаў 30 гадоў таму і паставіў у куток. Цяпер назіраюцца трывожныя званочкі ў палітычнай сферы, якія сведчаць пра тое, што нельга спыняцца. Ёсць моцныя праявы папулізму, а таксама ксенафобіі і расізму на палітычным узроўні. Наконт замежнікаў мноства стэрэатыпаў, нават на ўзроўні афіцыйных структураў… Калі спыніцца, то ўсё гэта будзе расці. Дзякуй богу, тут вельмі моцны няўрадавы сектар, мноства грамадскіх арганізацыяў, якія працуюць на ўтрыманне і пашырэнне дэмакратычных і агульначалавечых каштоўнасцяў.

Давялося адчуць нешта падобнае на сабе?

Было некалькі прыкрых выпадкаў. Аднойчы ехала ў трамваі разам са студэнткай, размаўлялі на сваёй мове. На прыпынку «Нацыянальны тэатр» зайшла пара, прыгожа апранутая, відаць, з тэатра. Пачуўшы нашу мову, мужчына сказаў, маўляў, вяртайцеся туды, скуль прыехалі… Іншым разам жанчына сталага веку, пачуўшы, што па тэлефоне я размаўляю па-руску, параіла «забраць свой танк і вяртацца ў Расію»…

Флэшмоб да БНР100 «Сонца незалежнай Беларусі», 2018 год

Флэшмоб да БНР100 «Сонца незалежнай Беларусі», 2018 год

Нейкі «флэшбэк» 1968 года?

Мабыць… Я расплакалася. Мне хапіла сілаў па-чэшску адказаць, што яна не мае рацыі. Я выйшла на найбліжэйшым прыпынку, паддаўшыся эмоцыям. У нейкім сэнсе гэта была параза, бо зрабіла як ахвяра. Цяпер я лепш арыентуюся ў заканадаўстве, каб абараніць сябе ў такіх выпадках, адным словам, ведаю, як дзе адрэагаваць.

Ад «хто, калі не мы?» да «фемінізму па-беларуску»

У Празе шмат беларусаў?

Апошні перапіс паказаў, што ў Чэхіі больш за чатыры тысячы беларусаў, большасць, натуральна, у Празе. У нашай FB-суполцы Беларусы Чэхii / Bělorusové v ČR / Belarusians in the Czech Republic на сёння каля 1500 чалавек. Зразумела, што нехта пасіўна назірае за беларускім жыццём, але людзей, што актыўна кажуць «Мы беларусы!» стала адназначна больш.

Як выглядае тут беларуская дыяспара?

Калі я пераязджала ў 2009-м, то мела кантакты беларусаў, з якімі пазнаёмілася падчас стажыровак. Некага ведала з «Радыё Свабода». З кімсьці мы супрацоўнічалі. Напрыклад, я перакладала на чэшскую статут «Маладога Фронту», іх не рэгістравалі ў Беларусі, і яны спрабавалі зарэгістравацца ў Чэхіі. Але першыя паўгода ці год я не мела ўнутранай патрэбы камунікаваць з беларусамі — аддалілася.

Крысціна Шыянок на Refufest, 2016 год

Крысціна Шыянок на Refufest, 2016 год

Проста сама не хацела?

Так. Гэта быў пераломны перыяд. Калі пачынаеш новае жыццё з 250 еўра ў кішэні пры тым, што дэпазіт за кватэру складае 300-400 еўра… Паралельна даводзілася вырашаць пытанні працаўладкавання, страхоўкі… Галава была занятая іншымі рэчамі. А яшчэ хацела занурыцца ў «чэшскі свет», больш камунікаваць з мясцовымі, з аднагрупнікамі з універсітэта. Але памятаю, што быў неяк канцэрт Вольскага ў Празе. Там я зразумела, што сумую па беларускім жыцці.

Гэта быў новы этап. Але тады я заняла пасіўную пазіцыю: дапамагала з перакладамі ды па розных дробязях. Пасля здарылася бяда… памёр адзін з лідараў тутэйшай дыяспары Юры Станкевіч, ці дзядзька Юрка, як яго звалі. Тады і паўстала пытанне: «Хто, калі не мы?» Гэтым пытаннем задаліся пяць дзяўчат-беларусак, мы ўзяліся за справу, так і атрымаўся ў нас «поўны фемінізм» (смяецца).

«Ідэя аб’яднаць беларусаў не працуе»

Ну і як? Узяліся за справу?

Для пачатку прааналізавалі сітуацыю ў дыяспары. Зразумелі, што зарэгістравана тут каля 20 беларускіх арганізацыяў, з якіх «жывыя», па сутнасці, «Скарына», «Пагоня» і «Беларускі куток». Нехта займаўся Альшанскімі могілкамі, дзе пахаваныя беларускія дзеячы, нехта рабіў імпрэзы ў «Беларускай клубоўні». Але бракавала камунікацыі і сустрэч, не адчувалася рэальная супольнасць. Мы вырашылі, што не будзем ствараць арганізацыю, бо там зноў будуць адно сябры і сябры сяброў… Мы і без гэтага ў пятніцу можам сабрацца чэшскага піва выпіць. Ці мараўскага віна (смяецца).

Нам хацелася далучыць незаангажаваных беларусаў, што трымаліся ўбаку ад беларушчыны альбо папросту «ачэшыліся», «абагеміліся». Пачалі з суполкі ў Facebook. Узнавілі традыцыю «беларускага піва» — сустрэчаў раз на месяц, калі беларусы збіраюцца, каб абмеркаваць свае справы. З дзейнасці ў афлайне ўзнік праект BLRČR. Мы пачалі эксперыментаваць з новымі фарматамі — «беларускія бранчы», «беларускія пікнікі», тэматычныя сустрэчы… На апошнія запрашаем у якасці гасцей беларусаў, якія знайшлі сябе тут. Напрыклад, псіхолагі, якія пацвердзілі адукацыю і працуюць па прафесіі. Удзельнікі дазнаюцца нешта новае і цікавае з вуснаў сваіх — беларусаў. Сталі браць удзел у мультыкультурных фэстах. Усе ведаюць нашыя дранікі. Калі пра нас дазналіся ў Доме нацыянальных меншасцяў, то прапанавалі офіс.

Запуск праекта BLRČR. Верасень 2017 года

Запуск праекта BLRČR. Верасень 2017 года

То бок цяпер ты адна з кіраўнікоў дыяспары?

Нясціпла неяк… Хутчэй адна з каардынатарак супольнасці — «манажэрка» (смяецца). Мы стваралі платформу для камунікацыі без прэтэнзіі на лідарства, гэта і заахвоціла людзей далучацца. Можна наўпрост сказаць: «А давайце!..» — і справа пойдзе.

А ў чым тады была памылка папярэднікаў?

Нават у нас была спачатку наіўная ілюзія: «аб’яднаць» беларусаў. Гэта не працуе. Нельга ўзяць і навязаць усім нейкі адзін набор каштоўнасцяў. Мы цяпер проста ствараем поле для ўзаемадачыненняў людзей з цалкам рознымі поглядамі на жыццё. Без прэтэнзіі на адзіную ісціну. Калі б я сказала, маўляў, давайце яднацца вакол гэтага і гэтага — нічога б не атрымалася. Ідэя аб’яднаць беларусаў нават не састарэла: яна не працуе. Трэ шукаць іншыя механізмы. Найлепшы рэцэпт — даводзіць нешта сваім прыкладам. Як з беларускай мовай.

«Уражанні ад Беларусі больш станоўчыя, але вяртацца — пакуль, на жаль, не»

У Беларусі бываеш?

Так, рэгулярна. Тут засталіся бацькі, сястра і цётка. Раней магла сабе дазволіць раз на паўгода, цяпер — часцей. Скончылася вучоба, таму я не завязаная на семестры. Рабіць камерцыйныя пісьмовыя пераклады ці мадэраваць FB-суполку магу і дыстанцыйна. Мне вельмі цікава назіраць, як змяняецца грамадзянская супольнасць у Беларусі: больш актыўных і натхнёных людзей, шмат лакальных ініцыятываў, новыя кірункі дзейнасці.

Цікава параўноўваць з тым, што мы рабілі ў 2006-м… Тады не хапала каналаў камунікацыі, сёння ўсё па-іншаму, і я веру, што наша возьме.

Крысціна Шыянок з Івонкай Сурвілай у Празе на ўрачыстасці да БНР100, 2018 год

Крысціна Шыянок з Івонкай Сурвілай у Празе на ўрачыстасці да БНР100, 2018 год

Не думала пра вяртанне ў Беларусь?

Безумоўна, не выключаю. Гадоў 15 таму я не думала, што апынуся ў Чэхіі. Не думала, што пабываю некалі ў ЗША, а дзве мае найлепшыя сяброўкі пераедуць туды жыць. Сучасны свет адкрыты і непрадказальны.

Мару пра тое, каб у Беларусі з’явіўся інстытут судовага перакладу. Каб гэта была менавіта асобная прафесія. Ёсць палажэнні, якія кажуць пра абавязкі перакладчыка падчас працэсу, але няма крытэраў, хто гэта можа рабіць.

Цалкам дапускаю, што калі міліцыя ў Беларусі арыштоўвае замежніка і той мае патрэбу ў перакладзе, то гэта патрэба не заўсёды задавальняецца і дакладна не заўсёды — на родную мову.

Крысціна Шыянок перакладае Андрэя Саннікава

Крысціна Шыянок перакладае Андрэя Саннікава

Але ж размова не выключна пра кампетэнцыі МУС?

Не, гэта таксама і пра пісьмовы пераклад дакументаў. У Беларусі гэтым займаюцца натарыяльныя перакладчыкі, але якасць іх працы нікім не правяраецца. Натарыусы проста сведчаць іх подпіс. Няма ніякіх механізмаў кантролю. Змяніць сістэму будзе няпроста, асабліва з улікам інтарэсаў натарыусаў. У Чэхіі я сама стаўлю гербавую пячатку пад перакладзеным дакументам, гарантуючы якасць перакладу. Дадатковага натарыяльнага засведчання майго подпісу ці пячаткі не патрабуецца. Я не адзіная афіцыйная перакладчыца-беларуска, якая жыве за мяжой, і ў нас ёсць досвед, якім мы можам падзяліцца.

Цікава было б таксама павыкладаць вусны пераклад на базе славянскіх моваў, напрыклад, чэшскай і беларускай. У Беларусі нешта падобнае адсутнічае. Вось такія маю ўяўленні пра магчымасць рэалізоўвацца на Радзіме. Але гэта ўсё толькі тады, калі памяняецца палітычная сітуацыя. Сёння я не гатовая вярнуцца. Папросту не магу ўявіць сябе супрацоўніцай кафедры ў ВНУ, якая водзіць студэнтаў сілком на датэрміновае галасаванне… На жаль, не.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?