Першымі пра «эскадроны смерці» ў Беларусі паведамілі два следчыя пракуратуры Алег Случак і Дзмітрый Петрушкевіч у 2001-м годзе. Потым яны ўцяклі з краіны, пасля іх прызнанняў з'явіліся і прызнанні работнікаў КДБ Жарнасека і Угляніцы.

Дзмітрый Петрушкевіч, Алег Воўчак і Алег Случак

Дзмітрый Петрушкевіч, Алег Воўчак і Алег Случак

І вось адзін з тых следчых, Петрушкевіч, падзяліўся з «Нашай Нівай» думкамі аб новым прызнанні экс-байца САХРа Юрыя Гараўскага. 

Петрушкевіч у 2014-м годзе

Петрушкевіч у 2014-м годзе

Былы следчы цяпер жыве ў ЗША і фрылансерам працуе на некалькі кампаній. Называе сябе «сярэднестатыстычным жыхаром ЗША».

Петрушкевіч лічыць, што давяраць Гараўскаму не варта. Пры гэтым, маўляў, сумнявацца ў самім факце забойстваў не выпадае.

Дзмітрый Петрушкевіч: У матэрыяле «Дойчэ Вэле» нічога новага няма: базу ў Бягомлі яшчэ ў 2001-м згадвалі Жарнасек і Угляніца, кіраўнік МУС Навумаў выехаў туды адразу ж з сапёрамі і журналістамі, яны там усё даследавалі і нічога не знайшлі. І гэта дапамагло Лукашэнку перад выбарамі, а Паўночныя могілкі як месца пахавання трупаў згадваліся і ў матэрыялах справы.

Паўлічэнка сам прызнаваўся, што яны змагаліся са злачыннасцю сваімі метадамі, яго група здзейсніла не адно выкраданне. А са словаў Гараўскага выходзіць, што яго прыцягнулі толькі для выкраданняў палітыкаў. Я не паверу што на такую ​​справу ўзялі 20-гадовага неправеранага хлопца, калі ўжо не адзін год існавала правераная група.

Журналісты казалі пра нейкія дакументы, арыгіналы якіх ён захоўвае асобна, хоць з рэпартажа наогул не зразумела, аб якіх дакументах ідзе гаворка.

Ён кажа таксама пра «кішэні» на кальцавой у раёне Курапатаў. Я ў той час працаваў у пракуратуры Савецкага раёна і, здаецца, у 90-х там гэтай кішэні не было, там вакол ішлі рамонтныя работы.

Гэта, я думаю, можна лёгка праверыць, як і іншыя дэталі з інтэрв'ю.

Пакуль жа гаварыць няма пра што, але з улікам гэтых новых сведчанняў следства мусіць быць адноўлена. 

«Наша Ніва»: Ён называе новыя прозвішчы? Новыя дэталі разбівання шкла?

Дзмітрый Петрушкевіч: Ён мог назваць любыя прозвішчы сваіх саслужыўцаў, якіх ведаў. Іх трэба шукаць і гаварыць з імі. А тлумачэнне пра кроў і ланцуг можна прыдумаць, ведаючы абставіны месца злачынства, якія вядомыя ўсім.

Вось сёлета памёр Уладзімір Чумачэнка, з якім я паўгода працаваў у адным кабінеце, ён дапытваў байцоў САХРА у нашым кабінеце, і там былі прозвішчы, у тым ліку згаданыя Гараўскім, але вось яго прозвішча я не ўспамінаю. Хаця, прайшло 20 год… 

«Наша Ніва»: Навошта яму гэта выдумляць? 

Дзмітрый Петрушкевіч: Грошы ці легалізацыя ў ЕС. Як многія ўжо казалі, мне таксама бачацца паралелі з гісторыяй з Кучмам і Гангадзэ: Лукашэнку зачыняюць дзверы на Захад.

Юрый Гараўскі

Юрый Гараўскі

А Гараўскі прызнаўся ў саўдзеле ў забойстве. Вытворчасць па справе мусіць быць адноўлена, а яго трэба дапытаць у якасці падазраванага, і ўсе паказанні праверыць.

Тут вось што цікава — калі Беларусь запатрабуе ягонай экстрадыцыі, ці стануць еўрапейцы трымаць у сябе забойцу? Дамову аб прававой дапамозе між паліцыяй Германіі і МУС Беларусі падпісваў той жа Захаранка, на падставе гэтага дакумента наш МУС можа прасіць немцаў аб судзеянні ў правядзенні следчых дзеянняў. 

«Наша Ніва»: Чым вы тлумачыце тое, што цяпер Паўлічэнка мяняе свае словы? 

Дзмітрый Петрушкевіч: Я прысутнічаў на допыце Паўлічэнкі ў 2001-м. Ён і тады сябе так паводзіў: казаў, што пойдзе ў суд, змяняў свае паказанні шмат разоў. У яго жалезная пласціна ў галаве, цяжка сказаць, што за ёй адбываецца. 

Дзмітрый Паўлічэнка. Фота Sb.by

Дзмітрый Паўлічэнка. Фота Sb.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?