Сяргей Шапран. Беларускі гістарычны анекдот

Кніга Сяргея Шапрана, журналіста і даследчыка беларускай літаратуры, біёграфа Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна і Уладзіміра Некляева, — першае выданне ў жанры гістарычнага анекдота, дзе сабраныя часам дакладныя, часам міфалагізаваныя камічныя і драматычныя гісторыі з жыцця вядомых беларускіх літаратараў, а таксама дзеячаў культуры і палітыкі, сярод якіх С. Алексіевіч, У. Арлоў, Р. Барадулін, Г. Бураўкін, В. Быкаў, З. Вайцюшкевіч, Я Глебаў, У. Караткевіч, Я. Колас, Я. Купала, У. Мулявін, У. Некляеў, М. Стральцоў, М. Чарняўскі, С. Шушкевіч і многія іншыя.

Свэн Нурдквіст. Калядны гном для Фіндуса

Сапраўдны калядны раман з 17 частак, у якіх расказваецца, як стары Пэтсан спрабуе змайстраваць для свайго любімага коціка Фіндуса Каляднага гнома. Але потым здараюцца цуды.

Сяргей Пясецкі. Каханак Вялікай Мядзведзіцы

У «Каханку» вачыма маладога кантрабандыста Уладака Лабровіча перад чытачом паўстае terra incognita — польска-савецкае памежжа, убачанае «знутры», а не са сталічнай Варшавы. У гэтым жыцці ёсць каханне, вернасць і здрада, спадзяванні і расчараванні, сябры і ворагі. Аднак у любой сітуацыі герой цвёрда датрымоўваецца своеасаблівага кодэксу, ядром якога з'яўляецца хараство сапраўднага мужчынскага сяброўства. А малады, адчайны і разумны герой, які не баіцца рызыкаваць і прайграваць, якому ўласціва пачуццё справядлівасці і гонару, заўсёды карыстаецца поспехам у чытача.

Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка

У кнізе 14 народных казак, упершыню запісаных даследчыкамі ў 19 стагоддзі і пераказаных пісьменнікам Уладзімірам Ягоўдзікам. Большасць казак малавядомыя шырокай публіцы. Малюнкі да кнігі, створаныя сусветна вядомым беларускім графікам Паўлам Татарнікавым, адзначаны самымі высокімі ўзнагародамі міжнароднай прафесійнай супольнасці.

Якуб Колас. Сымон-музыка

Сто гадоў таму Якуб Колас выдаў першы варыянт сваёй паэмы «Сымон-музыка». А пісаць пачаў яшчэ раней — у 1911 годзе. Паэма прабівала сабе шлях ва ўмовах царскага самадзяржаўя, а пасля і савецкай цэнзуры. Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч усё жыццё трымаў у памяці непадцэнзурную версію твора, якая і стала асновай гэтай кнігі.

Дзіцячы атлас Беларусі. Славутыя асобы

Ці ведалі вы, што пісьменніца Саламея Пільштынова — першая ў Беларусі жанчына-доктарка, якая лячыла жонак турэцкага султана, працавала пры імператарскіх дварах? Навуковец Мікалай Судзілоўскі валодаў дзесяццю мовамі і быў прэзідэнтам Гавайскай рэспублікі. Надзея Хадасевіч-Лежэ ў 15 гадоў збегла з дому, каб стаць мастачкай і скарыць Парыж, а 15-гадовы Іосіф Жыновіч, не ведаючы нот і граючы на слых, уразіў усіх на праслухоўванні і быў прыняты ў трупу Беларускага дзяржаўнага тэатра. Пра гэтых і многіх іншых таленавітых, мужных, вынаходлівых людзей зямлі беларускай апавядае «Дзіцячы атлас Беларусі. Славутыя асобы». Неверагодныя факты і маляўнічыя ілюстрацыі, размешчаныя на старонках кнігі, зацікавяць не толькі дзяцей, але і дарослых.

Андрусь Горват. Радзіва Прудок. Дзённік

Журналіст, дворнік, дармаед, гаспадар, пісьменнік. Аўтар гэтай кнігі — чалавек, які шукае сваё месца ў гэтым свеце. Такім месцам магла б стаць утульная рэдакцыя сталічнага часопіса або модны хіпстарскі каворкінг. Але стала дзедава хата на Палессі, на ўскрайку Беларусі, на перакрыжаванні сусветаў. Гэта кніга не пра тое, як аднавіць напаўразбураны дом, саджаць агарод, даіць казу, жыць у вёсцы і не спіцца. Гэта кніга пра тое, як аднавіць напаўразбуранага сябе. Можа быць, яна пра тое, як вярнуцца да каранёў, да роднай моўнай і культурнай стыхіі і пра тое, як важна не згубіць бабуліны аповеды. А можа, пра тое, як стаць сваім для самога сябе.

Свэн Нурдквіст. Калядная каша

У Швецыі на Каляды дзеці чакаюць Каляднага Гнома і гатуюць яму адмысловую калядную кашу з рысу і малака. Але гномы, як і Дзяды Марозы, бываюць сапраўдныя і не. Сапраўдных гномаў ніхто не бачыць, але менавіта яны дапамагаюць людзям і ведаюць пра іх усё. Кожныя Каляды гномы вельмі чакаюць свайго каляднага пачастунку. Што можа здарыцца, калі людзі забываюць пачаставаць гномаў каляднай кашай, ты даведаешся з гэтай гісторыі.

Уладзімір Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім

Уладзімір Караткевіч — гонар і сумленне беларускай літаратуры. Яго твор «Каласы пад сярпом тваім» у 2016 годзе прызнаны чытачамі самай важнай кнігай, якая паўплывала на развіццё беларусаў як нацыі. Раман апісвае станаўленне беларускай нацыі на прыкладзе шляхецкай сям’і Загорскіх. Падзеі адбываюцца на Магілёўшчыне, Гродзеншчыне, у Вільні, Пецярбурзе, Маскве, Варшаве — у сялянскім асяроддзі і ў дваранскіх палацах, на студэнцкіх сходках і ў навучальных установах, у салонах і гасціных вышэйшых саноўнікаў і на вуліцах шматлюдных гарадоў. У кнізе дзейнічаюць як літаратурныя персанажы, народжаныя мастацкай фантазіяй, так і рэальныя гістарычныя асобы: К. Каліноўскі, З. Серакоўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, С. Манюшка, Т. Шаўчэнка, У. Сыракомля.

Сяргей Пясецкі. Запіскі афіцэра Чырвонай арміі

«Запіскі…» з’яўляюцца адным з найбольш паслядоўных, знішчальных, бескампрамісных, але ў той жа час таленавітых і па-сапраўднаму смешных (гумар, што праўда, «чорны») прыкладаў сатырычнага адлюстравання антычалавечай сутнасці таталітарнай савецкай сістэмы.

Раман легендарнага й сусветна вядомага польска-беларускага пісьменніка Сяргея Пясецкага ў жорсткай сатырычнай форме апісвае рэальныя падзеі, што адбываліся на Віленшчыне й Лідчыне ад моманту «уз'яднання» Усходняе й Заходняе Беларусі й да «вызвалення» Вільні савецкімі войскамі ў 1944 годзе. Аповед вядзецца ад асобы «вызваліцеля», малодшага чырвонага афіцэра. Напісаны ў 1948 годзе, раман прызнаваўся сучаснікамі геніяльным зборам показак пра расейцаў увогуле й Чырвоную армію ў прыватнасці, што апавядаліся ў той час па ўсёй Еўропе. У «Запісках…» яны прадстаўлены поўным спектрам ад пабытовых кпінаў, да знішчальнае палітычнае сатыры й «чорнага» гумару. Варта адзначыць, што гэты твор бясспрэчна быў забаронены ў савецкія часы, нават у Польшчы афіцыйна быў упершыню апублікаваны толькі ў 2000 годзе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?

Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера