Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў сёння прызначэнне новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў, паведамляе БЕЛТА.

На вакантную пасаду першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама ўзгоднены цяперашні старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ігар Часнок. Намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк стане намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама.

У Полацкі райвыканкам пераедзе старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Ігар Марковіч. Яго месца ў Верхнядзвінску пяройдзе першаму намесніку, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Верхнядзвінскага райвыканкама Васілю Шылаву.

Старшынёй Талачынскага райвыканкама стане Алег Лындзін, які ў 2016-2019 гадах кіраваў Дубровенскага райвыканкамам. На пасаду старшыні Нараўлянскага райвыканкама ўзгоднены Сяргей Дылюк, зараз ён намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама.

Першы намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзь Шатуеў пяройдзе на вышэйшую пасаду ў Карэлічы, а намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын пераведзены кіраваць Ашмянскім райвыканкамам.

На пасаду старшыні Касцюковіцкага райвыканкама ўзгоднены Аляксандр Гарбачэўскі, цяперашні намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Клімавіцкага райвыканкама. Першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дрыбінскага райвыканкама Сяргей Шчацкі сыдзе на павышэнне ў Крычаўскі райвыканкам.

Мясцовая ўлада таксама абнавілася ў Гомелі і Магілёве. Першы намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Аляксандр Сівакоў узгоднены на пасаду кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна горада. Пасаду кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва зойме былы дэпутат Пётр Салаўёў: у шостым скліканні Палаты прадстаўнікоў ён быў намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0