У Чыгуначным судзе Віцебску 9 студзеня судзьдзя Юры Урбан палічыў даказаным факт адміністрацыйнага правапарушэньня, у якім абвінавачвалі Барыса Хамайду. Выйшаўшы на адзіночны пікет, грамадзкі актывіст парушыў парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Штраф — 30 базавых велічыняў (810 рублёў), паведамляе Віцебская Вясна.

Паводле агучанага судзьдзём пратаколу, 22 лістапада 2019 году Барыс Хамайда, ня маючы дазволу мясцовага выканаўчага органа, выйшаў на адзіночны пікет ля «сіняга дому». У руках трымаў бел-чырвона-белы сьцяг, на грудзёх — плякат. Вінаватасьць Хамайды даказвалася выключна на падставе матэрыялаў, узятых з інтэрнэту. У той дзень ніхто з праваахоўнікаў да яго не падыходзіў, не рабіў заўваг і не затрымліваў.

Хамайда пацьвердзіў сваё знаходжаньне ў цэнтры гораду 22 лістапада, але не пагадзіўся з тым, што парушыў тым самым закон. Патлумачыў, што плякат і сьцяг былі неабходныя для таго, каб данесьці да людзей мэту свайго ўчынку.

«Гэта быў дзень пахаваньня нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў, у які я проста ня мог ня выйсьці. Гэта быў покліч душы. Паехаць у Вільню я ня меў ані грошай, ані часу, таму і стаў тут», — патлумачыў Хамайда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0