15 студзеня а 17-й у Музеі гісторыі Магілёва адбудзецца прэзентацыя новага набытка — сярэднявечнага мяча, што належыў рыцару к. XV — пач. XVI стст., парэшткі і даспех якога былі знойдзены на дне ракі Віхра ў Мсціслаўскім раёне ў 2013 г.
Гэты рыцар, імаверна, загінуў падчас бітвы пад Мсціславам у часе вайны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1500—1503 гадоў. Яго парэшткі, знойдзеныя ў рацэ, былі пахаваныя на Мсціслаўскім замчышчы.
Кіраса, шлем і іншыя часткі даспеху рыцара захоўваюцца ў Музеі гісторыі Магілёва, а меч быў прысвоены «чорнымі капальнікамі» і вывезены за межы Беларусі. Пасля неаднаразовых перапродажаў, у 2019 годзе меч быў выстаўлены на аўкцыёне ў адной з еўрапейскіх краін, дзе супрацоўнікі музея натрапілі на яго след, выкупілі і вярнулі ў Беларусь.
Падчас прэзентацыі гэтую гісторыю раскажуць падрабязна.





