Беларускія медыкі маюць рэактывы для выяўлення каранавіруса 2019-nCoV, які распаўсюджваецца ў свеце. Пра гэта заявіў журналістам міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік, піша БЕЛТА.
«Цяпер мы атрымалі ўсе рэактывы, якія дазваляюць выяўляць менавіта гэты вірус 2019 года — новы штам, які быў знойдзены ў КНР», — сказаў міністр.
Ён адзначыў, што ў частцы прафілактыкі завозу віруса ў краіну зробленыя ўсе неабходныя захады. У аэрапорце сустракаюць з цеплавізарам, які дазваляе выявіць пасажыраў з перавышэннем тэмпературы цела і прыкметамі інфекцыйнага захворвання. Узмоцнена роля санстанцыі, якая дзяжурыць у аэрапорце. «Нашы лабараторыі атрымалі тэст-сістэму, якая дапамагае дыягнаставаць новы штам віруса, каб мы маглі своечасова і аператыўна ставіць дыягназ», - заявіў Уладзімір Каранік.
Ён пацвердзіў, што ў дзяўчыны, якая прыехала напярэдадні з Кітая, дыягнаставаны грып В, а не каранавірус.
«Мы пацвярджаем, што ўчора ў інфекцыйную бальніцу была шпіталізавана дзяўчына са скаргамі на павышэнне тэмпературы да 38,5 градуса, з болямі ў мышцах і прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі. Яна наведвала Шанхай. Былі прыняты ўсе супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы. Дзяўчына змешчана ў асобны бокс, праведзена лабараторнае тэставанне. Ёй пастаўлены дыягназ «вірус грыпу, сярэднецяжкае цячэнне». Дыягназ каранавіруснай інфекцыі не пацвердзіўся», — сказаў міністр.
Мінздароўя: У дзяўчыны, што вярнулася з Кітая і была шпіталізавана ў інфекцыйную бальніцу, грып B
Беларускія пагранічнікі: Надзяваем маскі пры праверцы рэйсаў з Кітая
Кітайскія вайскоўцы блакавалі горад Ухань у сувязі з новым вірусам
Кітай зачыніў другі горад з-за каранавіруса





