Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў наведаў сёння майстэрню мастака і дызайнера Уладзіміра Цэслера.
Леанід Анфімаў адзначыў, што прэтэнзій да выкарыстання майстэрні ў кантралёраў няма.
«Тое, што ў памяшканні маецца ложак, абсталяваная кухня, — гэта нармальна. Я не бачу тут праблемы: мастак павінен тварыць і мець магчымасць адпачыць», — адзначыў кіраўнік КДК.
Што тычыцца пытання льгот па арэнднай плаце грамадскім аб'яднанням, то яно патрабуе дадатковага вывучэння ў кожным канкрэтным выпадку.
«Я добра ведаю спецыфіку работы творчых майстэрняў, у тым ліку дызайнерскіх. У ацэнцы выкарыстання майстэрняў неабходна ліквідаваць розначытанні наконт таго, што лічыць творчым працэсам, а што — камерцыйнай дзейнасцю. Сёння гэтыя пытанні дакладна не адрэгуляваныя», — лічыць Леанід Анфімаў.
Фота: Радыё Свабода.
Нагадаем, раней кантралёры наведаліся ў майстэрню вядомага дызайнера Уладзіміра Цэслера, выдадзеную яму Беларускім саюзам мастакоў. Яму падвысілі арэндную плату за майстэрню ў некалькі разоў, бо знайшлі там ложак.
«Камісія прыйшла, паглядзела майстэрню. Я ж у майстэрні практычна дзень і ноч працую. І якія ты там створыш умовы, так там і будзе працавацца. Я зрабіў так, як лічу патрэбным, і тое, што ў мяне ёсць дзе паспаць, гэта іх наогул не тычыцца. У іх, відаць, свае ўяўленні пра майстэрню, яна, відаць, павінна быць брыдкай. А я тут рамонт зрабіў. Наогул я ўжо ў майстэрні 31 год, і маглі б яе ўжо і падарыць. Бо мы яе ўжо выплацілі некалькі разоў», — кажа Уладзімір Цэслер.
Чытайце таксама: У майстэрні Уладзіміра Цэслера знайшлі ложак, і арэнда вырасла ў 4 разы





