Пракуратура Балгарыі абвінаваціла трох грамадзян Расіі ў замаху на забойства балгарскага бізнэсмена Емяльяна Гебрава, яго сына Хрыста і яшчэ аднаго чалавека.
Падазраваныя, імёны якіх не раскрываюцца, абвінавачваюцца ў тым, што ў 2015 годзе ў Сафіі спрабавалі атруціць фосфараарганічным рэчывам балгарскага збройніка і яшчэ двух чалавек.
Расейцаў абвясцілі ў міжнародны вышук.
У 2015 годзе ўладальнік зброевай кампаніі Гебраў быў шпіталізаваны. Прыкладна ў той жа час дрэнна сябе адчулі сын Гебрава і адзін з топ-менеджараў яго кампаніі. Усіх трох шпіталізавалі з сімптомамі цяжкага атручвання.
Паводле журналістаў-расследавальнікаў, падчас атручвання бізнэсмена Гебрава ў Балгарыі знаходзіўся генерал-маёр Дзяніс Сяргееў (псеўданім — Сяргей Фядотаў). Ён таксама фігуруе ў справе аб атручэнні Скрыпалёў.





