Фота pixabay.com.

Фота pixabay.com.

Мяне тут знатна падпаліў Dev.by: «эйчары прызналіся: ім не падабаецца, калі суіскальнікі ныюць у сацсетках. А яшчэ негатыў, агрэсія і нацыяналізм», піша ў фэйсбуку Марыя Грыц.

Ну ок, агрэсія нікому не падабаецца, але астатняе… Бы з мяне пісалі. Пэўна, таму не з усімі HR-амі ў мяне склалася. Дык вось вам мой топ гісторый крайне дзіўных сустрэч.

1. Прыйшла я ўладкоўвацца на гастранамічны сайт. Думаю: досыць з мяне нерваў, буду пісаць пра спакойнае. Дзе там! Са старту дзядзечка пачаў распытваць мяне, чаму я замужам, а дзяцей не маю? Што нас спыняе? А ці нічым я не хварэю? Праз 10 хвілін размовы з мяне слёзы цяклі, бы з лейкі. Пытаю, што чалавек робіць. А ў адказ: «Вы такі добры кандыдат, што мы вырашылі вам зрабіць псіхалагічны краш-тэст». Не дасядзела сумоўя, развіталася і пайшла.

2. У адной ІТ-канторы HR доўга перакладае аркушы з маёй анкетай. Маўчыць. І я маўчу. Ужо няёмка так сядзець, але далей маўчу. І тут яна: А вы дакладна нарадзіліся 16 траўня?

Я: Так.

Яна: Вы нам не пасуеце. Мы не бяром на працу цяльцоў, бо яны канфліктныя.

Каб вы ведалі, як я хацела ў той момант паканфліктаваць! То, пэўна, яна мела рацыю.

3. Тэліць мне паненка і запрашае на працу па сумежнай спецыяльнасці. Добрыя грошы, зручнае месца, файная кампанія, але я не маю досведу ад слова «зусім». То бок магу ўявіць, як там што працуе, але рукамі шчэ не мацала. Звяртаю яе ўвагу на гэта, а яна мяне пераконвае, што там усё лёгка, хутка навучуся, усё будзе ок, толькі трэба з кіраўніком пазнаёміцца хаця б па скайпе. Ну, добра.

Патэліў кіраўнік, ладны мужчына, пачаў задаваць пытанні, а я нічога не магу адказаць, акрамя сваіх здагадак. Папакутваў ён са мной і кажа: «Жэншчына, вы ж не цяміце ў працы, нашто вы пагаджаліся?»

І на гэтае пытанне не знайшла што адказаць.

4. Адгукнулася на вакансію кантэнтшчыка. Даслалі максімальна абстрактнае заданне — напісаць пра будаўніцтва ў краіне. Ні памер, ні больш вузкага кірунку, ні тэрмінаў. Думаю: трэба хоць пра тэрміны спытаць і па галіне ўдакладніць. Прыйшоў адказ: «Вы нам не пасуеце, бо паказалі сябе як несамастойны чалавек, не прыдатны да самаарганізацыі і самакантролю».

І тут я зноў падумала, што дзяўчынка з ІТ-канторы нешта пра мяне ведала. 

5. Паслухала я неяк лекцыю пра тое, што мужчыны атрымліваюць лепшыя пасады, бо адгукаюцца на вакансіі, калі пасуюць на 60%, а жанчыны — толькі калі на 100%. Бачу крутую прапанову, дзе сярод астатніх патрабаванняў добрае веданне ангельскай (без удакладнення ўзроўню). Думаю: ну, гавару па-ангельску не як носьбіт, але шпарка, то адважуся. Патэліла мне дзяўчынка. Я ў яе адразу пытаю: які мае быць узровень мовы? Яна мне: «Mastery». Кажу, што такога не маю. Яна працягвае размову пра хобі там, пра інтарэсы. Я зноў: «Ці вырашальны ўзровень мовы?» Кажа, што так і я не пасую, але яна мусіць задаць усе пытанні са спісу. Прапанавала эйчарцы лічыць, што яна задала ўсе пытанні, і не марнаваць на мяне час. Пагадзілася.

Мо толькі мне так шчасціць на гэтых спецыялістаў? Проста самыя мае адэкватныя працы я атрымала, калі сумоўе ладзілі непасрэдныя кіраўнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?