Міністэрства замежных спраў Беларусі шкадуе з нагоды новых планаў правесці праварадыкальнае мерапрыемства — так званы марш памяці — у польскай Гайнаўцы, якая з'яўляецца месцам кампактнага пражывання этнічных беларусаў у Польшчы. Пра гэта заявіў журналістам начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Анатоль Глаз, паведамляе БелТА.
Фота «Радыё Рацыя»
«Мы ніколі не будзем абыякавымі да спробаў апаганіць памяць нашых суайчыннікаў, праславіць ваенных злачынцаў, апраўдаць забойства мірных жыхароў, спаленне вёсак і крывавыя рэйды. Іншых трактовак тут быць не можа», — адзначыў Анатоль Глаз.
Паводле яго слоў, выклікае трывогу пазіцыя мясцовых уладаў, бо сёлета яны вырашылі не апратэстоўваць правядзенне праварадыкальнага маршу, нібыта з прычыны адсутнасці надзеі дамагчыся пазітыўнага выніку ў польскіх рэаліях.
«Больш за тое, на дамах Беластока з'явіліся банеры, якія праслаўляюць іншага, так званага праклятага, салдата па мянушцы Лупашка. Ён вядомы карнымі акцыямі ў 1944-1945 гадах у вёсках з беларускім і літоўскім этнічным насельніцтвам. Учора Буры, сёння Лупашка, а што будзе заўтра — апраўданне генацыду?!» — рытарычна адзначыў афіцыйны прадстаўнік МЗС.
Рамуальд Райс у студзені-лютым 1946 года разам з сябрамі сваёй банды здзейсніў на Беласточчыне масавае забойства мірных жыхароў, у тым ліку старых, жанчын і дзяцей, у асноўным этнічных беларусаў праваслаўнага веравызнання.
Зыгмунт Шэндзеляж (псеўданім Лупашка) таксама адказны за забойства дзясяткаў цывільных жыхароў у пасляваенны перыяд.





