У Брэсцкім раёне ліса адкапала касцяныя астанкі 70-гадовай даўніны, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.
У органы ўнутраных спраў паступіла паведамленне, што каля вёскі Тамашоўка выяўленыя касцяныя астанкі. Знаходку заўважыў памежнік. На месца накіравалі следча-аператыўную групу са спецыялістам камітэта судовых экспертыз.
Касцяныя фрагменты знаходзіліся на паверхні зямлі каля лісінай нары. Мяркуецца, што жывёла іх выкапала. Паблізу знаходзіцца абеліск у памяць ахвяр нямецка-фашысцкага тэрору 1941-1945 гадоў.
Папярэдне ўстаноўлена, што парэшткам больш за 70 гадоў. Прызначылі медыка-крыміналістычную экспертызу.





