Супрацоўнікі крымінальнага вышуку сталічнага ГУУС затрымалі двух грамадзян адной з сумежных краін, якія кралі пракатныя аўто ў Мінску, паведамляе МУС.
З кастрычніка 2019 года пацярпелі тры мінскія фірмы. Ва ўсіх выпадках схема была аднолькавай: пасля афармлення дакументаў на арэнду даволі дарагіх машын арандатары знікалі разам з транспартнымі сродкамі.
Аператыўнікі высветлілі, што да ўсіх крадзяжоў датычны адзін мужчына — каардынатар. Ён тройчы прыязджаў у Беларусь і кожны раз прывозіў з сабой новага чалавека. Каардынатар забяспечваў яго фальшывымі дакументамі і плаціў каля $250, каб той аформіў арэнду на сябе. Сам пры гэтым заўсёды заставаўся ў цені.
Такім спосабам скралі тры аўтамабілі агульным коштам каля 80 тысяч рублёў. Сталічныя сышчыкі затрымалі каардынатара і падстаўную асобу падчас чацвёртага візіту ў краіну. Завялі крымінальную справу.





