Прадстаўнікі ўлады і апазыцыі Грузіі, якія ўсю нядзелю вялі перамовы ў рэзыдэнцыі пасла ЗША ў Тбілісі, змаглі дамовіцца аб рэформе выбарчай сыстэмы ў Грузіі і пра тое, што парлямэнцкія выбары ў 2020 годзе пройдуць паводле зьмяшанай сыстэмы, але са значным скарачэньнем мажарытарных дэпутатаў, піша радыё «Свабода».

Цяпер са 150 дэпутатаў парлямэнту 77 абіраюцца паводле партыйных сьпісаў, а 73 — па мажарытарных акругах. Выбарчы парог для партыяў пры гэтым складае 5%. Апазыцыйныя палітыкі і экспэрты лічаць, што зьмяшаная сыстэма дазваляе кіраўнічай партыі «Грузінская мара» выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс у мажарытарных акругах, што значна павялічвае яе шанцы на перамогу, а высокі прахадны бар’ер адсякае ад парляманту дробныя апазыцыйныя партыі.

Ад 14 лістапада ля сьцен парлямэнту ў Тбілісі працягваюцца масавыя пратэсты з патрабаваньнем рэформы выбарчай сыстэмы, якія паліцыя некалькі разоў разганяла з ужываньнем вадамётаў. Некалькі лідэраў пратэстаў былі арыштаваныя і атрымалі адміністрацыйныя тэрміны.

Зараз 120 дэпутатаў са 150 будуць абіраць па партыйных сьпісах, і толькі 30 — па мажарытарных акругах. Пры гэтым прахадны барʼер для партый будзе зьніжаны да 1%, а для фарміраваньня большасьці ў парлямэнце партыі будзе неабходна набраць 40% галасоў дэпутатаў.

Наступныя парлямэнцкія выбары ў Грузіі павінны адбыцца ў кастрычніку 2020 году.

Згодна з падпісаным дакумэнтам, кіраўнічая партыя «Грузінская мара» абавязваецца таксама зрабіць усе захады для хутчэйшага вызваленьня з турмаў апазыцыянэраў і спыненьня крымінальных справаў супраць апазыцыйных лідэраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0