Чаму адны здраджвалі прысязе, а другія — не? Дзедаўшчына, алкагалізм і паходы ў стрып-клубы. Фільм, заснаваны на рэальных падзеях, расказвае пра падзеі вясны 2014 года ў Крыме.

Марскі тральшчык «Чаркасы», разам з іншымі караблямі ўкраінскага Чарнаморскага флота на шляху ў Адэсу быў заблакаваны расійскімі войскамі ў крымскай бухце Данузлаў. Украінскія караблі здаюцца адзін за адным, і толькі экіпаж «Чаркас» супраціўляецца і працягвае барацьбу.

Песні, кнігі, спектаклі пра трагічныя месяцы 2014-га пачалі з'яўляцца ва Украіне амаль адразу. Кінаіндустрыя патрабуе значна больш рэсурсаў і часу для вытворчасці. Ды і здымка фільмаў на аснове рэальных падзей патрабуе пэўнай рэфлексіі і пераасэнсавання.

Што патрэбная адлегласць ад падзеі пройдзеная, сведчыць фільм «Чаркасы», які выйшаў у мясцовы пракат — добрае патрыятычнае кіно, у якім няма пустога і фальшывага пафасу.

«Чаркасы», які супраціўляўся тры тыдні, стаў адзіным украінскім караблём, што не спусціў дзяржаўнага сцяга.

Пасля некалькіх адчайных спробаў прарвацца з бухты і атак расіян на карабель, на «Чаркасах» былі моцна пашкоджаны механізмы кіравання, таму чарговага штурму, які адбыўся ў ноч з 25 на 26 сакавіка 2014 года, украінскі тральшчык не вытрымаў, і цалкам перайшоў пад кантроль Расіі.

Фільм расказвае гэтую гісторыю ад імя Міхаіла і Льва, двух вясковых хлопцаў, якія па розных прычынах апынаюцца на гэтым караблі.

Гэта гісторыя не толькі пра гераізм асобных украінскіх афіцэраў, гэта таксама гісторыя пра здраду ўкраінскіх адміралаў і простых матросаў (большасць з якіх перайшло на бок Расіі), пра развалены ўкраінскі Чарнаморскі флот, які катастрафічна дэградаваў за гады незалежнасці, пра мізэрныя заробкі ўкраінскіх капітанаў, пра жахлівую карупцыю і паралізаваную сістэму кіравання, калі ўкраінскія афіцэры-патрыёты ў Крыме чакалі загадаў ад камандавання, а загады проста не прыходзілі…

Камандзір карабля «Чаркасы» Юрый Федаш меў магчымасць вывесці карабель у адкрытае мора, пакуль яшчэ расіяне не заблакавалі праходу, ён чакаў толькі загаду камандавання. Але калі загад прыйшоў, было ўжо позна — расіяне спецыяльна затапілі ў праходзе яшчэ адзін карабель, і ўкраінскі тральшчык аказаўся цалкам заблакаваны ў бухце.

Фільм паказвае не толькі гераізм экіпажа «Чаркас», не толькі апісвае працэс анексіі Крыму, ён яшчэ і выдатна паказвае, як і чаму гэтая анексія адбылася.

У драме было паказана жабрацкае жыццё ўкраінскіх афіцэраў, шмат хто з якіх здрадзіў прысязе і перайшоў на бок расіян.

У фільме можна пабачыць, як да анексіі расійскія і ўкраінскія марскія афіцэры разам елі ў адных сталовых, як разам займаліся супольнымі справамі, а часта былі і проста сваякамі. І выдатна паказана, якім быў шок для ўкраінскіх вайскоўцаў з пачаткам анексіі — яны проста фізічна не маглі страляць у тых, з кім яшчэ ўчора разам вячэралі, хадзілі на футбол і разам адзначалі сямейныя святы.

Аўтары фільма ніяк не прыхарошваюць і не гераізуюць украінскі флот тых часоў, наадварот, яны паказваюць усю яго жахлівую сутнасць: з дзедаўшчынай, алкагалізмам, паходамі ў стрып-клубы, мацюкамі капітанаў, кашмарным харчаваннем на караблях.

Без паказальнага гераізму і натхняючых рэплік у нікуды, з-за чаго сапраўды верыцца, што ўсё было менавіта так. Але ўсе гэтыя праблемы ніяк не абясцэньваюць гераізм хлопцаў з «Чаркас», а толькі ўзмацняюць яго, бо яны здолелі захаваць вернасць прысязе сярод гэтага бяздоннага ўкраінскага бязладдзя.

Фільм не з'яўляецца дакументальнай рэканструкцыяй падзей, але ён на дзіва рэалістычны.

Вялікая роля ў фільме адведзена музыцы: маракі спяваюць песню Ляпіса Трубяцкога «Воіны света».

Падчас апошняга штурму карабля гучыць не менш сімвалічная песня «Чорна гора» з радкамі «Я ніколи і нікому не віддам рідного дому».

Прычым сцэна з выкананнем песні «Воіны света» з'яўляецца абсалютна рэальным эпізодам тых падзей.

А завяршаецца фільм сцэнай у родным сяле галоўнага героя фільма, Мішы.

Ён вяртаецца дадому, да бацькоў, і каля іх хаты яго сустракае ўся вёска як сапраўднага героя. Ліецца ракой гарэлка, стол ломіцца ад яды, сваякі і знаёмыя абсалютна шчырыя ў сваёй радасці бачыць Мішу. Але чамусьці ніхто з іх не хоча гаварыць пра вайну, і Міша не можа гэтага стаўлення зразумець. Гэтая сцэна — выдатная адсылка да цяперашняга стану ўкраінскага грамадства, якое, з аднаго боку, паважае сваю армію і герояў, але, з іншага боку, лічыць за лепшае вайну ігнараваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?