Прэм'ер-міністр Італіі ўвёў рэжым каранціну на ўсёй тэрыторыі краіны. Перамяшчэнне людзей паміж населенымі пунктамі дазваляецца толькі ў мэтах працы і па патрэбах здароўя.

«Застаёмся дома» — так можна назваць новы дэкрэт», — сказаў прэм'ер Джузэпэ Конці на прэс-канферэнцыі позна ўвечары 9 сакавіка.

Хмуры і стомлены, ён з'явіўся перад журналістамі ў палацы Кіджы.

Раней рэжым каранціну распаўсюджваўся на частцы тэрыторыі краіны з насельніцтвам каля 17 мільёнаў чалавек.

Спыняюць працу ўсе школы і ВНУ. Уводзіцца забарона на любыя публічныя мерапрыемствы. Забараняецца праца дамоў культуры, музеяў, басейнаў, спартзалаў, курортаў. Крамы будуць адкрытыя толькі ў працоўныя дні. Установы грамадскага харчавання будуць адкрытыя толькі з 6:00 да 18:00 і пры ўмове, калі могуць забяспечыць адлегласць паміж наведнікамі не меншую, чым 1 метр.

Некаторыя эксперты мяркуюць, што дадзеныя захады ўводзяцца запозна. Акрамя таго, італьянцы слынныя сваёй няздатнасцю выконваць законы. Тое, што ў звычайным жыцці стварае італьянскі шарм, у крытычнай сітуацыі паставіла пад пагрозу жыццё тысяч людзей.

Прэм'ер Конці заявіў, што, нягледзячы на ўвядзенне каранціну, грамадскі транспарт будзе дзейнічаць, а прадпрыемствы — працаваць у звычайным рэжыме. Гэта значыць, каранцін будзе мець, хутчэй, рэкамендацыйны характар. 

Па стане на 9 сакавіка колькасць заражэнняў у Італіі перавысіла 9000. 463 чалавекі, або больш за 5% хворых, памерлі.

Біржа Мілана перажывае рэкорднае падзенне. Чым скончыцца гэты год для Італіі, цяжка прадказаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?