Група ўзброеных зламыснікаў напала на браніраваны аўтамабіль у аэрапорце сталіцы Чылі Сант'яга і скрала каля 15 мільёнаў даляраў. Гэта адно з самых буйных падобных злачынстваў у гісторыі краіны, мясцовыя журналісты ўжо называюць яго «абрабаваннем стагоддзя», піша bbc.com.

Як паведамляе чылійская паліцыя, «ад сямі да дзесяці» падазраваных праніклі ў тэрмінал на двух аўтамабілях, а затым напалі на бранявік з валютай, толькі што дастаўленай на тэрыторыю краіны адным з самалётаў. Рабаўнікі выкарыстоўвалі машыну кампаніі па дастаўцы тавараў.

Яны прыгразілі ахоўнікам зброяй, а затым зніклі з грашыма. Паводле паліцэйскіх, зламыснікі скралі 14 млн даляраў і 1 млн еўра. У выніку інцыдэнту двое ахоўнікаў былі параненыя.

Гэта ўжо другое абрабаванне ў аэрапорце Сант'яга за апошнія гады. У 2014 годзе група ўзброеных зламыснікаў выкрала там з фургона каля 10 млн даляраў.

З кастрычніка мінулага года ў Чылі працягваюцца масавыя дэманстрацыі супраць сацыяльнай няроўнасці. Намаганні паліцыі ў асноўным скіраваныя на іх жорсткае здушэнне, што выклікала рост злачыннасці, у тым ліку большую колькасць узброеных нападаў на аўтамабілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0